У цэнтры рамёстваў адкрыта выстава тканых ручнікоў вёскі Рухава — бадай, самай творчай і самабытнай вёсачкі нашага раёна.
Тут, у Рухава, зарадзіліся рухаўскія дываны — вялізныя насценныя пано, упрыгожаныя каляровай саломкай. Зараз гэта сапраўдная культурная спадчына Беларусі.
Тут жа таленавітыя майстрыхі з народа ткалі прыгожыя і самабытныя рушнікі, якія можна ўбачыць на выставе. Усе яны — пачатку 20 стагоддзя, іх мясцовая назва — «выкладанкі» і сатканыя ў асобай тэхніцы аднабаковага перабору.
«Мастацкая выразнасць ручнікоў дасягнута спалучэннем розных адценняў лёну і колеравых нітак. Арнаментыку пераборных ручнікоў складаюць геаметрычныя і раслінныя матывы, а іх кампазіцыйна-мастацкае вырашэнне характарызуецца завершанасцю і цэласнасцю. Шырыня старадарожскіх ручнікоў ад 38 – 44 см, даўжыня 300 – 360 см. Канцы ручнікоў упрыгожаны льнянымі карункамі, вязанымі кручком», — расказваюць на сайце Старадарожскага цэнтра рамёстваў.