18.2 C
Старые Дороги
Воскресенье, 8 июня, 2025

«Не дай бог такое бачыць нікому…» Трагедыя вёскі Добрыца, якую фашысты спалілі разам з людзьмі

Населенага пункта, што некалі знаходзіўся на тэрыторыі Языльскага сельсавета, ужо няма на карце нашага раёна. Сёння аб існаванні гэтай вёскі нагадвае металічны крыж з надпісам на шыльдачцы “Была деревня Добрица! Во время Великой Отечественной войны 1941-1945 гг. немецкие оккупанты сожгли деревню со всеми жителями”.

Крыж за ўласныя грошы ўсталявала былая жыхарка вёскі Языль Зінаіда Сямёнаўна Плігаўка. Яе сястра часта наведвала той куточак зямлі, дзе некалі была Добрыца, і марыла ўсталяваць такі знак, але не паспела. Цяпер яе жаданне выканана.
Аб гісторыі маленькай лясной Добрыцы і аб трагічным дні, які знішчыў і зруйнаваў яе, расказала настаўніца гісторыі, грамадазнаўства і мастацтва Языльскай СШ Ірына Палаўчэня. Яна правяла вялікую даследчую работу, каб памяць аб вёсцы засталася хаця б на паперы.

“У Добрыцы было ўсяго 10 двароў з насельніцтвам крыху больш за 40 чалавек. Назва гаворыць сама за сябе: мясцовасць урадлівая, заліўныя сенажаці, навокал лес. Людзям добра жылося ў гэтым куточку, пакуль не прыйшла вайна…

Усё часцей чуліся звесткі аб расправе гітлераўцаў за сувязь з партызанамі. Вёска жыла ў трывозе. Хто такія карнікі, добра ведалі і ў Добрыцы, бо перад гэтым згарэла палова суседняга Языля.

Трагедыя здарылася ў маі 1943 года. Жыхар вёскі Вярхуціна, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Міхайлавіч Уэльскі, жонка якога страціла амаль усю сям’ю ў той страшны дзень, успамінаў: “Немцы тут не стаялі. Баяліся, пэўна. Зрэдку, праўда, з’яўляліся: за правіянтам, за сенам. Часцей наведваліся партызаны, ім было вельмі зручна: адразу за хатамі пачынаўся лес. Вёска дапамагала ім чым магла. Многія пайшлі ў партызаны. Немцы даведаліся пра гэта. Гэта была “важкая” прычына, каб расправіцца з мірным людам. Расстралялі і спалілі многіх”.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Ганна Максімаўна Бахто расказвала, што сведкай той трагедыі была Аляксандра Канстанцінаўна Тупіцына родам з сям’і Завацкіх. Ёй разам з пя-цігадовай дачкой удалося застацца ў жывых: “Напярэдадні трагедыі партызаны абстралялі патруль, які правяраў чыгунку перад прыходам цягніка. Гэтага фашыстам было дастаткова, каб расправіцца з насельніцтвам вёскі”.

На той момант у вёсцы пражывала толькі шэсць сем’яў: Міхаіл і Яўгенія Амяльчэні з сынам Валодзям і дачкой Валяй; Канстанцін і Марыя Завацкія з сынамі Віктарам і Франкам і бабуляй Юзэфай, разам з імі жыла дачка Аляксандра Тупіцына з дзецьмі Анатолем і Галінай; Нікіфар і Вольга Рымашэўскія з дзецьмі Мішам, Зінай, Толям, Жорам, Зояй, Валяй, Нінай; Максім і Марыя Рымашэўскія з дачкой Шурай; Павел і Ганна Рымашэўскія з чатырма дзецьмі; Марыя Дуброўская з сынам і дачкой. Астатнія пакінулі вёску раней.

Карнікі рухаліся з боку Вярхуціна. Добрыца была першай вёскай на іх шляху. Ніхто не чакаў іх прыезду. Першай ахвярай захопнікаў стаў сын сям’і Завацкіх Франк, які раніцай выйшаў на вуліцу і адразу трапіў пад кулі.

Трагічная гадзіна на ўсё жыццё пакінула адбітак у памяці Галіны Аляксееўны Гурыновіч (Тупіцынай), якой было на той момант 5 гадоў. Ад смерці яе выратавала маці Аляксандра Канстанцінаўна. “Была раніца. Усе збіраліся снедаць. За сталом ужо сядзела сям’я, чакалі Франка, якога дзядуля адправіў да суседкі запрасіць яе ў госці. Бабуля Марыя разам з матуляй стаялі каля печы і збіраліся падаваць на стол. У гэты момант прагучалі выстралы. Дзядуля, зірнуўшы ў акно, убачыў немцаў, якія застрэлілі Франка. Матуля схапіла мяне і браціка Толіка і пацягнула за печ. Мы толькі паспелі схавацца, як трэск аўтаматных чэргаў пачуўся ў хаце. Раптам Толік со словамі “Мяне не заб’юць” выскачыў, кінуўся ў акно і адразу ж быў расстраляны. Так і памёр, перакінуўшыся праз падаконнік. Мама потым доўгі час плакала і ўспамінала апошнія словы Толіка. Не магла сабе дараваць, што не ўтрымала яго. А пасля немцы запалілі хату. Усе яны ў ёй згарэлі”.

Немцы растралялі амаль усю сям’ю: Канстанціна, Марыю, Юзэфу, Віктара, Франка і маленькага Толіка.

Некаторы час Аляксандра разам з дачкой сядзелі ў сваёй хованцы, але хутка хата загарэлася. Зразумеўшы, што здарылася, Аляксандра выкінула дачку праз акно і сама вылезла з палаючай хаты. Выратавала тое, што немцы ўжо адышлі ў цэнтр вёскі, і жанчына з дзіцём змаглі ўцячы ў лес. Пакуль фашысты распраўляліся з Завацкімі, многія жыхары пакінулі вёску, схаваўшыся ў лесе.

Вёска гарэла. Той, хто ўцёк, назіраў з лесу, як зыркае вогнішча знішчала іх родную Добрыцу. На папялішча яны вярнуліся толькі назаўтра. Тую карціну, якая паўстала перад імі, не дай бог бачыць нікому… Пахаваўшы загінуўшых на могілках, жыхары пераехалі ў Вярхуціна. Там многія засяліліся ў ваенныя баракі.

Невялічкая вёска Добрыца, як і шмат беларускіх вёсак, не была адноўлена пасля вайны. Людзі не пажадалі вярнуцца туды, дзе ўсё напамінала пра тую страшную трагедыю…”

Вікторыя СЫЦІК.
Фота аўтара і з адкрытых дакументальных крыніц.

Поделиться :

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Пожалуйста, введите ваш комментарий!
пожалуйста, введите ваше имя здесь

Популярное

Схожие статьи
Похожие

Посевной комплекс на «Белагро-2025» презентовал «АМКОДОР»

 Машинам производства "АМКОДОР", работающим на белорусской земле, создатели дают...

Сколько будет стоить школьная форма на новый учебный год?

Сколько будет стоить школьная форма на новый учебный год,...

Ребята из военно-патриотических лагерей посетили 8-ю бригаду РХБЗ

Ребята из военно-патриотических лагерей учреждений образования Стародорожского района посетили...
Яндекс.Метрика