20 ліпеня Аляксандр Лукашэнка прынёс клятву сваёй краіне, беларускаму народу. У сваёй прамове кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Прэзідэнт з’яўляецца гарантам правоў і свабод усіх грамадзян незалежна ад узросту, партыйнай і рэлігійнай прыналежнасці і нацыянальнасці.
Летам 1994-га, калі вызначаўся лёс Беларусі, адным з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта дзяржавы быў лідэр БНФ Зянон Пазняк.
Як і ў кожнага з кандыдатаў, у яго меліся свае прыхільнікі і паслядоўнікі. У тым ліку і ў нашым раёне. Так, 18 чэрвеня 1994 года “Святло камунізму” апублікавала ліст чытача пад назвай “Я прагаласую за Пазняка”.
Цікава сёння перачытаць гэты даволі грунтоўны тэкст. Вось некаторыя вытрымкі з яго.
“Наша жыццё залежыць ад стабільнасці грамадска-палітычнай абстаноўкі, ад таго, наколькі кіраўнікі дзяржавы забяспечваюць гэту стабільнасць, як яны клапоцяцца аб дабрабыце, развіцці культуры і самасвядомасці людзей, захаванні гістарычнай спадчыны і незалежнасці сваёй Радзімы.
Сёння такіх клопатаў адчуваецца недастаткова.
Раней нам забівалі галаву ідэямі светлай будучыні, а цяпер — аб’яднаннем грашовых сістэм. І тое, і другое, прабачце, адурачванне людзей. Карысці народу ніякай, але вялікая карысць ініцыятарам. Калі народ бяднее, то хто стаіць над ім — багацее. А трэба, каб багацелі ў аднолькавай меры, бяднелі — таксама.
Калі мы будзем арыентавацца не на Расію, а на Захад, пагроза беднасці і знявагі знікне. На гэту арыентацыю пастаянна ўказвае лідэр БНФ Зянон Пазняк. Я прагаласую за выбранне Зянона Станіслававіча на пост прэзідэнта нашай краіны па той прычыне, што яго службамі распрацавана праграма, гарантуючая вельмі высокі жыццёвы ўзровень насельніцтва Беларусі, нават вышэй за германскі. На мой погляд, эта рэальна, улічваючы працавітасць нашых людзей, іх інтэлект, прыродныя ўмовы, рэсурсы. Толькі калгасны лад, дзяржаўная і калектыўная ўласнасць адвучылі нас быць ашчаднымі. Але гэта хутка пройдзе, калі мы адчуем на сабе кошт хлеба. Ужо і цяпер падабралі з-пад ног усе цагліны, металічныя пруцікі, а бензін не разліваем.
…Многія ўжо цяпер лічаць Пазняка нацыянальным героем. Калі мы сядзелі ў зацішку, ён падняў усю рэспубліку Беларусь на адраджэнне сваёй Бацькаўшчыны, мовы, культуры, незалежнасці. Многія абнародаваныя ім факты адкрылі нам вочы на наша мінулае.
Мы, як і большасць людзей, хочам спакойна працаваць і добра жыць, каб чыстым было сумленне, каб ніхто не меў права цябе абразіць, гэта значыць, жыць дастойным жыццём. Таму я выбраў толькі таго прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта РБ, які сапраўды здолее забяспечыць такое жыццё”.
Сёння, праз трыццаць год, усё гэта чытаецца з асаблівым пачуццём. Паралелі нават праводзіць не трэба: яны проста праступаюць праз радкі.
Што чакала бы нас, калі б кіраўніцтва краінай узяў у свае рукі нацыяналіст, цесна звязаны з Захадам?..
Сёння праз прызму часу гэта відавочна.
З абсалютна такіх жа пазіцый стартаваў украінскі сцэнарый.
Там таксама ўсё пачыналася з нацыяналістычнага свербу, распальвання розні паміж народамі, недзіцячай хваробы “самасьвядомасці”, перакройвання і зневажання савецкай гісторыі, моўнай істэрыі, русафобіі…
На гэтых хуткіх дражджах экстрэмізм расце і пухне, пакуль у сваім чарапку яму не стане цесна. Потым вываліцца за край, са стала — на лаўку, з лаўкі — на падлогу… Папаўзе па зямлі. Распаўсюдзіцца. І пайшло-паехала. Факельныя шэсці, “маскаляку на гіляку”, пагромы, гвалт, “народныя люстрацыі”, махноўшчына… Неафашысцкая вакханалія ахоплівае ўсё навокал.
Закон аб выключным выкарыстанні украінскай мовы, які ўступіў у сілу ў 2019 годзе, канчаткова раскалоў грамадства суседняй дзяржавы і запусціў выбуховую рэакцыю.
І вось ужо гінуць і пакутуюць людзі, ужо языкі полымя нязгоды і недабрабыту апальваюць краіну, а рухавік не спыніць — курс на Захад!..
А Захаду ніхто з нас, народаў былога Саюза, не патрэбен свабодным і дабрабытным; мы ім патрэбны толькі беднымі і залежнымі. Гора лідару, які гэтага не зразумеў альбо проста прадаў будучыню сваёй краіны, як гэта здарылася з Украінай. Ліха, ліха няшчаснаму народу…
Што далей па гэтым сцэнарыі, мы таксама бачылі і бачым.
І было бы гэта ўсё і ў нас, калі б тады, у 94-м, на чале дзяржавы ўстаў Пазняк. Пагромы, расправы, люстрацыі, патокі рускамоўных бежанцаў, замежныя гаспадары на беларускай зямлі — усё было бы.
Вы чыталі яго антырасійскія вершы з заклікамі “біць маскалёў”?.. Гэта страшна.
“Вайна, вайна, во, гэта справа!
Гэта слаўная забава
Маскалям галовы секчы,
Гнаць галыцьбу ў чыстым полі,
Пакуль хопіць коням волі,
Біць маскву ў хвост і ў грыву…”
Гэта кандыдат мастацтвазнаўства піша…
…“Апантанасць” — расхожае слоўца з 90-х, моднае. Выкарыстоўвалася яно як станоўчая характарыстыка “нацыянальна заклапочаных” асоб (”ён апантаны беларус!!!” — казалі), хаця ў перакладзе азначае “одержимый” у сэнсе стану здароўя. У 90-я мы, маладыя журналісты, паміж сабой называлі “апантанымі” мясцовых радыкалаў ( “А гэты хто?..” “Ды з гэтых… Апантаны”). Дарэчы, некаторыя з нашага рэдакцыйнага калектыву таксама былі за апантаных. Вось так пачыналі ўжо дзяліцца на сваіх і чужых калектывы, грамадства, нават сем’і.
…Занатавалася ў памяці карцінка з мінулага: я, тады яшчэ маладая журналістка, сяджу на сесіі гарсавета ў Маладзечне. На трыбуну адзін за адным лезуць “апантаныя”. Крык, лямант, свіст… Адны апладыруюць, другія залу пакідаюць…
За мову!.. За незалежнасць!.. Супраць чыноўнікаў, функцыянераў!.. За перайменаванне вуліц і плошчаў!.. Нібыта больш рабіць няма чаго — прадпрыемствы стаяць, людзі не атрымліваюць зарплату…
На ўсё жыццё запомніла дэпутата, які раптам са сцэны пачаў на поўны голас выкрыкваць у залу вершы. У іх былі такія радкі:
“Хто мову родную забыў,
Хай будзе проклят той!..”
Мову родную, канешне, пажадана ведаць, але навошта ж праклінаць людзей?.. І за што?.. Колькі было ў гэтым крыку варожасці, непрымірымасці… У кутках вуснаў у выступоўцы выступіла пена (літаральна), вочы выкаціліся з арбіт…
Яго аблічча паўстае ў мяне ў думках кожны раз, калі размова заходзіць пра нацыяналізм. І ведаеце, што дзівосна?.. Я гэтага чалавека ведала па рабоце, і ён заўжды пакідаў уражанне інтэлігентнага, культурнага, ціхага беларускамоўнага “кніжніка”. Пакуль нацыяналістам не адкруцілі кран, не далі волю. Вось як бывае.
Страшна думаць, што Беларусь магла б скіраваць на гэты шлях. Колькі гора абрынулася б на людзей! Яшчэ і сёння мы высёрбвалі б яго бяздонную чашу…
Першы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка рашуча выкараніў нацыяналізм, і за адно толькі гэта яго імя павінна быць занатавана ў гісторыі залатымі літарамі.
Ён захаваў у краіне савецкую традыцыю дружбы народаў.
Беларусь застаецца гасціннай і зычлівай для ўсіх, хто хоча тут мірна жыць і працаваць.
Ніводны чалавек не пацярпеў ад прыцясненняў па нацыянальнай ці рэлігійнай прыкмеце, не пакінуў з гэтай нагоды нашу дзяржаву.
Мы не зведалі вайны і раздраю ў грамадстве і звыкла карыстаемся свабодай думкі, сумлення, рэлігіі.
Вось і сёння я з асалодай (шчыра люблю беларускую мову) пішу гэты матэрыял менавіта на ёй, а на рабочым стале чакае сваёй чаргі распачаты другі матэрыял — на рускай (яе люблю не менш).
Мір і свабода — складальнікі простага чалавечага дабрабыту…
Гэта — Беларусь.
Трыццаты год кіраўніцтва краінай першага, выбранага народам, Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.
Тэкст:
Іна КАНДАУРАВА.