9.7 C
Старые Дороги
Пятница, 17 мая, 2024

Нэлі Карасік аднаўляе старажытныя паясы, якім больш за 100 гадоў

Немагчыма ўявіць традыцыйны старажытны строй старадаражан без пояса. Ён і сёння з’яўляецца ўпрыгожваннем на нацыянальным аддзенні.

Здавалася, ну што там сплесці ці саткаць пояс?.. Аднак майстры затрачваюць на выраб тыдні і месяцы, каб рыхт-у-рыхт перадаць старадаўнія ўзоры.

Усё пра выраб старадарожскіх паясоў ведае майстар народных промыслаў Нэлі Карасік. У фондзе цэнтра рамёстваў захоўваюцца ўнікальныя паясы, якім ужо больш за сто гадоў. На іх вытканы ўнікальныя ўзоры. З гадамі гэтыя рэчы страчваюць якасць, вось і ўзялася Нэлі Фларыянаўна аднавіць старажытныя арнаменты і перанесці іх на сучасныя палотны.

— Больш за пяць год таму мне ў рукі трапілі тканыя паясы, якія дасталіся нашаму цэнтру рамёстваў ад бабуль і прабабуль з вёсак раёна, — успамінае майстар. — Гэта сапраўды тонкая, карпатлівая работа. Для свайго часу, а ім па 100 і больш гадоў, паясы нядрэнна захаваліся, і ўсё ж яны становяцца далікатнымі і не такімі трывалымі.

Не хацелася, каб такая прыгажосць знікла, таму я загарэлася і вырашыла даць гэтым рэчам новае жыццё, няхай і з ноткай сучаснасці.
Вось ужо пяць год займаюся ткацвам паясоў, уласцівых толькі нашаму краю.

— У чым адрозненне паміж тканымі старажытнымі і сучаснымі паясамі?

— Раней ніткі былі танчэйшымі, а ўзоры драбнейшымі. На старых паясах выкарыстоўваліся ў асноўным белы і чырвоныя колеры, цяпер дадаюцца сіні, жоўты і зялёны.

— Ці ёсць розніца паміж мужчынскім і жаночым паясамі?

— Ёсць. Мужчынскія больш шырокія, жаночыя — вузейшыя, ды і ўзоры не падобныя.

— Колькі часу вы затрачваеце на выраб пояса?

— У сярэднім даўжыня пояса складае тры метры. Каб яго саткаць, патрэбна ад 7 да 10 дзён. Аднак час залежыць ад складанасці. Калі мудрагелісты ўзор, то можа спатрэ-біцца месяц і болей.

— Дык што ўяўлялі сабой старажытныя старадарожскія паясы?

— У асноўным яны былі плеценыя або тканыя. На Старадарожчыне ў іх вырабе былі распаўсюджаны такія тэхнікі, як ткацтва на ніту, на бярдзечку і дошчачках. У прынцыпе яны дубліравалі адна адну.

Традыцыйны ўзор старадарожскага пояса — падоўжана-паласаты. Гэта самы просты спосаб стварэння тэкстыльнага дэкору. Падоўжаныя палосы атрымліваюцца пры снаванні пучкамі. Разнастайнасць такіх узораў дасягаецца за кошт спалучэння палосак рознай шырыні і падбору колеру. Характэрны колер нітак — чырвоны. Сустракаліся зялёны, сіні, жоўты, фіялетавы, у абмежаванай колькасці — белы і чорны колеры. Для таго, каб стварыць пояс са складаным геаметрычным арнаментам, майстрыхі карысталіся браным спосабам аздаблення. Канцы вырабаў звычайна ўпрыгожваліся махрамі, кутасамі, пампонамі.

— Вядома, што паясы не толькі былі неабходным кампанентам адзення, але і выконвалі сімвалічныя функцыі.

— У практычным сэнсе пояс падтрымліваў і фіксаваў вопратку на стане. Мужчыны падпярэзвалі ім кашулю, якую насілі навыпуск. Лічылася верхам непрыстойнасці для мужчыны выйсці з хаты непадпярэзаным. Жанчыны насілі на поясе свой андарак і фартух. На паясы жанчыны чаплялі ключы і грэбень, а мужчыны — нож, капшук з махоркай, шабету, у якой захоўвалі грошы, крэмень, крэсіва. За пояс затыкалі серп, сякеру, рукавіцы, калі адпраўляліся на працу.

Як і ўсё аддзенне, пояс, спосаб яго нашэння і павязвання давалі інфармацыю аб тым, з якой мясцовасці паходзіць чалавек, якое мае сямейнае становішча.

Абрадам, дзе найбольш разнастайна выкарыстоўваліся паясы, было вяселле. Пояс сімвалізаваў аб’яднанне, устанаўленне сваяцкіх адносін і трывалых сувязяў. Калі дзяўчына згаджалася выйсці замуж, то дарыла свайму жаніху кашулю і пояс. Да стала маладых вялі на паяску. Іх даравалі музыкам, родзічам жаніха, гасцям. Дзяўчыны імкнуліся нарыхтаваць да вяселля як мага больш гэтых рэчаў, таму пачыналі іх ткаць з 9 гадоў. Маладая раздавала каля ста паясоў. Пасля вянчання яна пакідала паясы ў тых месцах, ад якіх чакала дастатку: каб было больш хлеба, пояс вешаўся ў свіране, жывёлы — у хляве, маёмасці — на куфрах. Поясам маладая гаспадыня павязвала венік, якім упершыню мяла хату мужа… Выкарыстоўваліся паясы ў радзінных рытуалах, каб лягчэй жанчыне было нарадзіць (дарэчы, першы паясок у падарунак дзіцяці прыносіла бабка-павітуха) і ў пахавальным абрадзе для ўсталявання сувязі паміж светам людзей і замагільным светам.

— Сёння народныя паясы не такія папулярныя, але хто ведае — магчыма, вернецца мода і на іх?

— У цяперашні час пояс з’яўляецца адным з самых папулярных сувеніраў. Іх шырока выкарыстоўваюць у сцэнічным і цырыманіяльным касцюмах.
Іх выраб не спыняецца: працягваюць гэтае рамяство народныя майстры, прадпрыемствы мастацкіх промыслаў, аматары традыцыйнай культуры. Так што нашыя паясы будуць жыць яшчэ доўга.

Тэкст: Вікторыя СЫЦІК.
Фота аўтара, цэнтра рамёстваў.

Поделиться :

Популярное

Схожие статьи
Похожие

«Хлеб пекли из жома»: жительница Пасеки рассказала, как выживали в войну

Яковлевна — так уважительно зовут односельчане одну из старейших...

Стародорожанка учинила скандал в квартире знакомого. Пришлось вызывать милицию

Есть, к сожалению, представительницы прекрасного пола, которые по своему...

«ВНС — это голос белорусского народа»: продолжаются встречи делегатов ВНС с трудовыми коллективами Стародорожского района

На Стародорожчине продолжаются встречи делегатов Всебелорусского народного собрания с...
Яндекс.Метрика