З матэрыялаў пракуратуры — допытў сведкаў па справе па арт. 127 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь па фактах учынення нацыстскімі злачынцамі і іх пасобнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941 — 1945 г.г.) і ў пасляваенны перыяд на тэрыторыі Беларусі і іншых дзяржаў генацыду.
Соф’я Аляксееўна Дубік, жыхарка в. Старыя Дарогі:
— Калі пачалася вайна, я з бацькамі жыла ў вёсцы Старыя Дарогі, вось пад Новыя Дарогі наш дом самы крайні быў. У мяне было два браты і дзве сястры. Цяпер з маёй сям’і толькі я засталася ў жывых, астатніх ужо няма.
Калі пачалася вайна, я была маленькая, два гады. Памятаю сябе, як стаяла на агародзе. На мне была хустачка завязаная і сукенка ў кветачкі. А потым ляціць самалёт, гляджу — а з самалёта такое чорнае ляціць, і ў наш дом, і ён адразу загарэўся. Там брацік меншы ў калысцы быў, а мы ў агародзе.
Бацька наш у партызанах быў. Брат пабег знайсці яго, зачапіўся ў лесе за пень і крычаў там, дык прыйшлі партызаны, завялі яго да бацькі. Ён расказаў, што немцы прыйшлі да нас і наставілі на нас зброю, хацелі пастраляць. Дык мама ўскочыла ў хату і стала крычаць, яны ўбачылі, што яна чарнявая такая, прыгожая, маладая. І не сталі страляць.
Тады бацька нас усіх на кані завёз у лес пад Макарычамі.
Немцы і паліцаі нас там вылавілі. Памятаю, паліцаі моцна білі маю маму. Адзін макарыцкі паліцай прыкладам вінтоўкі стукнуў яе ў твар, пабіў моцна левую частку, сківіцу і ўсё, усё на свеце пабіў…. Потым мне казалі, што ад пабояў яна памерла. Я нават не памятаю, як маму хавалі…
Той паліцай адабраў адзежу і машынку швейную ручную. Маму нават распранулі, яна апранула бацькава паліто новае, дык паліто тое паліцаі забралі.
Дзе макарыцкая дарога, дзе пераезд, там яшчэ многа лю-дзей палавілі. Іх гналі пешшу, а я была малая, не магла ісці, дык мяне немцы пасадзілі на воз.
Паміж школай і домам культуры былі стайні. Туды ў гэты лагер нямецкі і пазвозілі ўсіх. Я крыху памятаю, што там быў металічны плот з калючым дротам, я праз яго прасоўвала ручкі і прасіла есці. Там хадзілі нейкія людзі, вось я ў іх і прасіла.
Спалі на голай зямлі. Давалі нам два разы на дзень нейкую вадкасць. Есці вельмі хацелася.
Ахоўвалі лагер немцы з аўтаматамі і сабакамі.
Маму з братамі і сёстрамі трымалі асобна. Я хадзіла босая, галодная. Моцна хварэла. Была слата, гразь… Сёння гля-дзела па тэлевізары перадачу пра вязняў. Там паказвалі за калючым дротам дзяцей у хустках. Я прыгадала сябе. Маленькая, худая, галодная, хустка на галаве была…
Немцы ў нас правяралі кроў. У брата і сястры была другая група, а ў мяне першая, дык яны ў мяне два разы бралі кроў. Мяне кармілі там асобна, давалі ў нейкім кубцы нейкую як каву, салодзенькае нешта. Каб кроў прылівала ці што. У мяне першая група крыві, мяне два разы вадзілі ў нейкі кабінет, бралі кроў. Я тады вельмі моцна схуднела, была, як кажуць, скура ды косці. Стала зусім слабая. Яны ўзялі мяне і выкінулі. Бачаць, што я зусім памру, пэўна, і выкінулі. Там вышка стаяла ля лагера, а на ёй высока — немец, пад тую вышку мяне і выкінулі, каб дайшла. А там быў побач яшчэ адзін лагер, жанчын прыгатавалі везці ў Германію. І адна жанчына ўбачыла, як немец нёс мяне пад мышкаю, як якога ката ці сабаку, і кінуў, а яна ў вакно назірала. Яна і папрасілася, каб яе туды падпусцілі: “Я пагляджу, ці жывая яшчэ гэта дзяўчынка”. Яна падышла, а я яшчэ не кончылася. Яна была з Шапчыц. Яна мяне выратавала. Дзякуючы ёй я засталася жыць”.