У 41-м годзе, калі Старыя Дарогі былі акупіраваны гітлераўцамі, мясцовай бальніцай кіраваў галоўны ўрач Аляксей Іванавіч Шуба — будучы камбрыг 100-й партызанскай брыгады.
Пра яго потым будзе шмат расказана і напісана. Не так многа вядома пра подзвіг чалавека, які працаваў і змагаўся з фашыстамі поплеч з ім і заплаціў жыццём за ўдзел у вызваленчай барацьбе. Гэта быў бухгалтар бальніцы Мартын Дзянісавіч Дарошка. Немцы і паліцаі не маглі западозрыць, што гэты сціплы непрыкметны чалавек бясстрашна курсіруе паміж бальніцай і партызанскім атрадам, перадаючы народным мсціўцам лекі ад галоўнага ўрача.
Калі Шуба падаўся ў партызаны, Дарошка застаўся на сваім пасту бухгалтара і сувязнога. Ён па-ранейшаму перадаваў у лес патрэбную інфармацыю і медыкаменты, пакуль аднойчы ўсё не стала вядома гестапа. Былі арыштаваны падпольшчыкі С.Ю. Доўнар і яго малодшы брат Б.Ю. Доўнар, А.Г. Несцяровіч і Мартын Дарошка. Калі праз дванаццаць сутак катаванняў і пакут да яго ў турэмную камеру пусцілі жонку Матрону Фёдараўну, яна жахнулася: муж быў збіты да непазнавальнасці. На ім не было жывога месца. Ён не мог ні сядзець, ні стаяць, а толькі поўзаў па падлозе…
Гестапавец пры жонцы паабяцаў: калі Дарошка назаве іншых падпольшчыкаў, яму захаваюць жыццё і ён вернецца да сям’і, да сваіх траіх дзяцей, старэйшаму з якіх было 5 год, а маленькаму — толькі 6 месяцаў.
Самому Мартыну Дарошку было 32 гады. Ён нікога не выдаў. На наступны дзень яго расстралялі, а яшчэ праз дзень паліцаі, з’явіўшыся ў хату, разрабавалі ўвесь нажытак сям’і.
Гэта гісторыя коратка распавядаецца ў раённай кнізе “Памяць”. На жаль, невядома месца захавання героя-падпольшчыка. Калі яно вядома родным, нашчадкам героя — просім іх выйсці на сувязь з рэдакцыяй. Нам вельмі хацелася б сабраць дадатковую інфармацыю пра Мартына Дарошку і яго подзвіг.