Апошнім часам я люблю чытаць апавяданні пра каханне, – кажа мне 85-гадовая Галіна Сямёнаўна. – Праўда, сама я ніколі не кахала. А мяне? Мо і быў калі які мужчынка, якому я падабалася, толькі мне гэта невядома. Ніхто мне пра гэта не казаў, ніхто да мяне, акрамя Міколы, і не сватаўся.
Жыццё маё простае, няма чым і пахваліцца. Нарадзілася я перад самай вайной, тата мой загінуў на фронце, сіратой гадавалася. А сіратою жыць – слёзы ліць. Так у нас кажуць. Усё жыццё бацькі не хапала. Па праўдзе кажучы, я яго зусім не ведала. Годзік мне споўніўся, як пайшоў ён на фронт. Так пасля вайны гаравалі мы, не пераказаць, як цяжка было. Але ж неяк маці нас з братам падняла на ногі. Да вучобы я няздатная аказалася. І ў вугал мяне амаль кожны дзень ставілі, і сварыліся за непаслухмянасць. Вельмі я, мая даражэнькая, з дысцыплінай не сябравала: усё смешачкі на ўроку паказвала. Але ж неяк чатыры класы скончыла. Пайшла з маці ў паляводчую брыгаду. Спачатку на яе працадні запісвала. А з шаснаццаці гадочкаў лічыцца ўжо мой асабісты стаж. От, пачала пра каханне, а расказваю альбы што. Выбачайце, калі ласка…
Значыцца, замуж я, золатца маё, пайшла ў дваццаць год. Мікола пасватаўся – я і згадзілася. А што? Жаніхі ў чаргу да мяне не станавіліся, асаблівай прыгажосці не было. Чаго чакаць? Гэта быў шасцідзясяты год. Вы тады толькі нарадзіліся, кажаце? А я ўжо ў дарослае жыццё ўступіла. Мо і паспяшалася, хто яго ведае, як яно лепей…
Муж мяне не шкадаваў. Няласкавы ён быў, ніколі не абняў, не ўсміхнуўся мне. А сквапны які, не дай божа! Кожную капейку лічыў. Я ж сабе нічога не купляла, у адной хустачцы колькі гадочкаў хадзіла. Неяк паехалі мы у горад. Затрымаліся, бо спраў шмат аказалася. А я так прагаладалася. Якраз каля сталоўкі праходзілі. Узрадавалася, што хоць чаго гарачага з’ем. Захацелася мне супчыка гарохавага ды падліўкі гарадской. Суседка неяк казала, што вельмі ўжо смачныя пяльмені тут ела. Мо б і я пачаставалася. Дзе там. Як убачыў, колькі што каштуе, застагнаў: “Вой-вой-вой, як жа дорага ў гэтым горадзе. Пайшлі хутчэй адсюль, пакуль адзетыя”. Так і прыехалі галодныя дадому.
Няласкавы мне мужык дастаўся, ой, які цяжкі характар меў. Ніколі не пашкадаваў мяне. Неяк пажалілася, што сэрца баліць, дык так зыркнуў: “Каб я болей пра гэта не чуў! Напрыдумляла сабе хвароб. Пайшлі лепей сена зграбаць”. Больш не жалілася, маўчала, употайкі таблеткі піла. А яшчэ ж і біўся, трасца на яго, бандыт гэтакі. Як нап’ецца, так і маша кулакамі. Так што не было ніякага кахання ні з яго боку, ні з майго. Проста жылі. Чаму не разводзіліся, пытаецеся? Гэта ж цяпер модна: як што не так, дык разбягаюцца ў розныя бакі, а тады ўсе бабы цярпелі, не адна я. Куды я пайду? Каму трэба двое чужых дзетак? У вёсцы тады нельга было без мужыка, людзі вялікія гаспадаркі трымалі, столькі цяжкай работы. Адна б я і не справілася. А Мікола мой майстар быў адметны, усё ўмеў. За што не возьмецца – люба-дорага глядзець. Гаспадар, адным словам…
Адна бяда, з гадамі гарэлку палюбіў. Бывала, нап’ецца і ад злосці на мяне і ўвесь свет вокны выбівае, дзверы ломіць, сякерай размахваецца: “Усё зламлю, усё паламаю! Знайшлі парабка!” Як падмецены, бегае па двары, раве дзікім голасам. Так сорамна. Ці ж будзеш такога кахаць?
Ужо і дзяцей выправілі ў людзі, а ён усё бунтаваў. Пастарэў, схуднеў, згубіў былую моц, а ўсё роўна да любога слова чапляўся. Дзвярыма ляпае, рэчы на падлогу кідае, кулаком у сківіцу меціць… Стары чалавек, пасаромеўся б суседзяў. Дзе там, абавязкова трэба пасмешышча зрабіць.“Я тут гаспадар! – раве на ўсю хату. – Твайго тут нямашака нічога!” Наглядзелася я на яго “спектаклі” за гады замужжа. Неяк кажа мне суседка: “Галя, супыні ты яго, зусім здурнеў мужык, усе вокны паб’е”. А хіба я што магла зрабіць? Я ведала, што назаўтра працвярэзіцца Мікола, устане раненька і моўчкі пачне рамантаваць усё, што звечара крышыў, біў. Такі дурны характар меў чалавек.
Але як памёр, чамусьці пуста стала на сэрцы… Ведама, больш за сорак год пражылі, дзяцей выгадавалі, такую хату адбудаваў. Хоць скачы ў ёй з раніцы да вечара, толькі няма каму, усе раз’ехаліся.
Вось кажуць, што сын з гадамі становіцца падобным на бацьку, быццам бачыў, як той да жонкі адносіўся, і сам так робіць. Мо ў каго і так, а ў нас, слава богу, інакш. Памятаю, шмат год таму выпадкова ўбачыла, як сын з нявесткай абыходзяцца адзін з адным, якія ласкавыя словы ён кажа, і парадавалася. Шмат часу з той пары прайшло, яны абое ўжо на пенсіі, а ўсё за ручку трымаюцца і з замілаваннем адзін на аднаго паглядаюць. Аказваецца, можна жыць з павагай, без усялякай сваркі, без крыўдных слоў. Можа так і выглядае каханне?
У тыя гады мы ні пра якую любоў не гаварылі. На ўсё сяло была ў нас адна толькі гуляшчая жанчына – рыжая Верка. Вельмі ўжо любіла чужых мужыкоў, ох, як любіла… Вось яна пра гэтае каханне, мабыць, усё ведала, столькі б вам сваіх гісторый нарасказвала. Даўно памерла Верка… А я адкуль што магла ведаць пра тую любоў? Нікуды я, мая вы дзевачка, не выязджала, ні ў якіх санаторыях не была, усё жыццё з адным мужыком пражыла. Ці ж мне гэтыя гісторыі расказваць?
Пачакайце, паслухайце лепей пра Лізу, сястру маю стрыечную. Яна гадоў на пяць была за мяне старэй, але мы сябравалі. Дык вось у Лізы любоў гэтая была, шчасця толькі не было. Але давайце пра ўсё па парадку. Скончыла яна тут сямігодку ды ў горад падалася. А ў тым горадзе кавалераў, канешне ж, хапае. Пазнаёмілася з адным хлопцам. Быццам, і чалавек добры, ды жанатым аказаўся. Яна сама расказвала. Маці яе, як дазналася, і за косы цягала, і рознымі словамі абзывала. Самі ведаеце, якімі. А мая мама (яны сёстры родныя) казала: “Алена, адчапіся ад дзеўкі, не дай бог, што зробіць з сабою. Змірыся. Мабыць, такое яе шчасце”. Толькі цётка Алена ўсё злавалася на Лізу, крычала на ўвесь двор: “Зляглася, гадаўка, з жанатым, такі грэх на сябе ўзяла. Што ты робіш? Я з хаты баюся выйсці, перад людзьмі сорамна!” Дзень і ноч сварылася на дачку. А калі тая зацяжарыла, заставіла вытравіць дзіця: “Каб байструка ў маёй хаце не было!” Ліза паслухалася. Вельмі маці сваю баялася, суровай жанчынай тая была. Вось што я вам скажу, золатца маё. Зламалася нешта ў сэрцы Лізіным пасля той гісторыі. Дадому прыязджала рэдка, з маці амаль не размаўляла, толькі горка, дакорліва паглядала на яе. Так і памерла Ліза няшчаснай – без дзяцей і мужа. Адна век прагаравала. А не паслухалася б маці – мела б сям’ю, унукі б па двары бегалі. Ці не праўду я кажу? А што людзі? Пагаварылі б ды і сціхлі…
Свой лёс трэба прымаць, якім бы ён ні быў. Я так лічу. Што Бог табе даў, тое тваё. Жыццё маё, канешне, гаротнае, але і ў ім былі нейкія пробліскі. Дзяцей выгадавала, унукі кожнае лета да мяне прыязджалі. Зараз усе дарослыя, усе з вышэйшай адукацыяй. Шкадуюць мяне, клапоцяцца, часта прыязджаюць. А што мужык не паважаў, не лашчыў, дык ці адна я такая на свеце?
Чым вечарамі займаюся? Чытаю, мая даражэнькая. Нічога ўжо не вяжу, бо рукі баляць. Бачыце, як іх пакруціла? Бабы “След” па тэлевізары глядзяць, а я не люблю. Навошта мне тыя забойствы? А вы і надалей пра жанчын і долю іх пішыце. Вельмі ўжо люблю я такое чытаць. Веру, што так і было на самай справе. Хоць ля чужога шчасця пагрэюся…
Здаецца, усё пра жыццё сваё няскладнае расказала. Зараз мы з вамі чаю пап’ем. Я такія наліснікі спякла! У печы шчэ цёпленькія стаяць. І не адказвайцеся. Пакрыўджуся, калі не пакаштуеце…
Тэкст: Тамара ДЗМІТРУК.


