Старадаўнія галаўныя ўборы маглі “размаўляць”. Па іх можна было прачытаць сацыяльны статус, прафесію і нават сямейнае становішча чалавека.
У жаночым нацыянальным строі нашых продкаў неад’емным атрыбутам была намітка. Што яна ўяўляла і пра што расказвала людзям? Мы зазірнулі ў мінулае разам з майстрам па навіванні гэтага загадкавага галаўнога ўбора Валянцінай Спадар.
Калі глядзець на нацыянальны строй колішніх насельніц нашага краю, у тым ліку і на галаўны ўбор — намітку, то нельга не заўважыць, што ў ім пераважае белы колер. Нашы продкі імкнуліся да ідэальнага вобраза чысціні і прыгажосці. Белае палатно атаясамлівалася з Божым святлом, з Божай ласкай. Чалавек, апрануты ў белае, быў нібы пад апякунствам вышэйшых сіл. Жанчына, строй якой завяршаўся бялюткім галаўным уборам, была перш-наперш сімвалам духоўнай чысціні. Намітка з’яўлялася своеасаблівым пашпартам жанчыны — сведчыла пра яе сямейнае становішча, месца жыхарства і нават наяўнасць дзяцей. У розных месцах Беларусі гэты галаўны ўбор меў свае асаблівасці: адрозніваўся шчыльнасцю палатна, памерамі, арнаментальным аздабленнем і спосабамі нашэння. А чым ад іншых адрозніваецца наша мясцовая намітка?
— Гэта досыць простая рэч: тканы льняны ручнік даўжынёй ад 2,5 да 4 метраў, шырынёй ад 25 да 70 сантыметраў, — тлумачыць Валянціна Леанідаўна. — Увогуле для старадарожскага жаночага касцюма характэрныя гармонія, ураўнаважанасць усіх частак адзення, стрыманасць каларыту. Намітка ў нас называлася “намётам”. Яе канцы багата аздабляліся вышыўкай і абшываліся мохрыкамі. Характэрна, што арнамент на двух канцах намёта быў розны. Для стварэння прычоскі выкарыстоўвалі тканку, зверху апраналі чапец. Намітку павязвалі рознымі спосабамі. У буднія дні замужняя жанчына не павінна была выходзіць нават да калодзежа з непакрытай галавой. Кожная дэталь мела значэнне. У поле яна, напрыклад, у вясельнай намітцы не хадзіла, а ў прасцейшай.
— Дзе і калі выкарыстоўвалі намітку?
— Без наміткі не абыходзілася ні адно вяселле. Абрад завівання лічыўся актам афіцыйнага прызнання замужняга стану маладой. Яе навівалі на маладую пасля вянчання. Гэты працэс суправаджаўся абрадавымі песнямі і рознымі магічнымі дзеяннямі: распляталі касу маладой, расчэсвалі валасы і накручвалі на абручык з кудзелі, абшытай палатном, і ўкладвалі на вяршку галавы. Пасля завівання наміткі маладых частавалі мёдам і звязвалі разам другой наміткай, што сімвалізавала аб’яднанне шлюбнай пары.
Намітка была падарункам на радзінах. У яе загортвалі хлеб, спецыяльна спечаны для гэтай урачыстасці. На Старадарожчыне на радзінах дарылі да пяці “качулак” намітак.
Намітку шырока выкарыстоўвалі і ў пахавальных абрадах. Яна сімвалізавала дарогу нябожчыка, так гэты ручнік і называлі — “дарога”. Яго прыбівалі ўздоўж сцяны, каля якой на лаве ляжаў нябожчык, а пазней перамяшчалі на край дамавіны. Пры абіванні труны нельга было пакідаць доўгіх канцоў, каб нябожчык не забраў з сабой сваякоў.
— Вы не аднойчы апраналі наміткі сабе і іншым. Якія адчуванні, наколькі ў іх зручна?
— Дзяўчаты і жанчыны, на якіх я завівала наміткі, казалі, што адчуваюць сябе прыгажэйшымі. У такім уборы твар становіцца больш выразным. Ён надае абліччу правільны і вытанчаны абрыс, а таксама падкрэслівае люстэрка душы — вочы. Ды і практычнасць відавочная: абараняе ад сонца або ад холаду.
— На намітцы, як і на ўсім нацыянальным строі, ёсць вышыты арнамент з пэўнымі сімваламі. Яны аб чымсьці гавораць?
— Расшыфроўка вельмі простая. Любы арнамент на вопратцы, акрамя ўпрыгожвання, абавязкова служыў дадатковым абярэгам.
Тэкст і фота:
Вікторыя СЫЦІК.