Друкаванае слова не страціла сваю ролю ў жыцці грамадства: яно проста годна заняло месца ў ложы тэатра сучаснасці побач з іншымі арыстакратамі культуры са старажытнымі каранямі, назіраючы, як там, унізе, цячэ час і мяняюцца дэкарацыі і акцёры.
Нішто не заменіць чалавеку схаваную пад кніжнай вокладкай жывую сілу, мудрасць, музыку слоў; ніякая іншая крыніца так не сілкуе розум і душу.
Штогод мільёны беларусаў аб’ядноўваюцца вакол Дня беларускага пісьменства і друку. Гэта не проста свята, чырвоны дзень календара: гэта ідэя, якая звязвае мінулае і сучаснасць, традыцыі і навацыі, розныя рэгіёны і пакаленні. Гэта наша гістарычная памяць, культурная спадчына, нацыянальная самабытнасць. Гэта мост паміж пакаленнямі і рознымі куткамі краіны. А яшчэ — нагода для гонару за асоб, якія стаялі ля вытокаў асветніцтва на Беларусі.
Якія велічныя і вялікія гэта былі людзі!
Якія высакародныя імкненні вялі іх да гуманістычных ідэалаў! Скарына быў знакаміты навуковец-энцыклапедыст, доктар медыцыны, ведаў шэсць моў, а галоўнай ідэяй свайго жыцця зрабіў друкаванне кніг на ўсходнеславянскай мове, зразумелай простым людзям.
Еўфрасіння Полацкая адмовілася ад міру і дабрабыту дзеля Бога і асветніцтва, будавала храмы, несла людзям святло веры, дапамагала гарэтным.
А Кірыла Тураўскі, знакаміты “Златавуст” старажытнасці, чые пропаведзі і багаслоўскія сачыненні былі такімі яркімі і папулярнымі, што сучаснікі ставілі іх на адзін узровень з работамі Іяана Златавуста!.. А Васіль Цяпінскі — патрыёт сваёй Радзімы, які мужна процістаяў паланізацыі Беларусі, выдаючы на ўласныя сродкі кнігі на роднай мове!..
Ён доўгі — гэты рад носьбітаў светлага, мудрага, вечнага. Імі створана тая спадчына, што прыйшла да нас “ад прадзедаў спакон вякоў”; яшчэ не вывучаны поўнасцю іх уплыў не толькі на айчынную культуру, але і на ўсю ўсходнеславянскую цывілізацыю.
І ўсё гэта — наша гісторыя, наша біяграфія, наш скарб. Мы — багатыя людзі, багатае грамадства з годным мінулым і шчаслівым будучым. Гэта будзе бачна і адчувальна на Дне беларускага пісьменства, які пройдзе ў Лідзе ў першую нядзелю верасня.
Віншую вас з надыходзячым святам і жадаю, каб пры вас заўжды быў ключ да разумення жыцця: друкаванае слова.