Ганну Сяргееўну Пышную з вёскі Вішнеўка Шчыткавіцкага сельсавета добра ведаюць у раёне, асабліва старэйшае пакаленне. Пра жанчыну не раз пісала і раёнка. Імя маёй гераіні занесена ў Кнігу Народнай Славы, бо доўгі час была яна адной з лепшых даярак. Але мне хочацца расказаць не столькі пра яе шчырую, самаадданую працу, колькі пра цяжкі жаночы лёс, пра вялікую прагу да жыцця і пра тое, як фарміраваўся характар. Вельмі ўжо цікавая жанчына сустрэлася на маім шляху – з асаблівага пасляваеннага пакалення.
“МАЁ ГАРОТНАЕ ДЗЯЦІНСТВА”
“Нарадзілася я ў вёсцы Пясчанка Дрычынскага сельсавета, які ў той час адносіўся да Старадарожскага раёна, – пачынае свой аповед Ганна Сяргееўна. – Вёсачка мая знаходзілася якраз за Церабутамі. Мама Яўгенія Рыгораўна Козел была вельмі суровай жанчынай: магла накрычаць, пабіць мяне, тыднямі не размаўляць, калі што не так. Яна з пакалення тых, якіх ніхто не лашчыў. Іх гэтаму не вучылі, і яны самі не лашчылі сваіх дзяцей – не ўмелі. Я маці вельмі баялася, таму пра бацьку свайго ніколі не пыталася.
Мама мая расла сіратой. Бацькі яе памерлі рана. На той час дзяўчынцы споўнілася трынаццаць гадкоў. Чацвёра дзяцей забрала да сябе радня. Мама мая гадавалася ў роднага дзеда, таму не было каму яе навучыць жаночай мудрасці. Сяк-так ткаць яна ўмела, але вельмі просценькія рэчы. Як я падрасла, усяму вучылася ад людзей, а не ад мамы. Хадзіла па хатах і запамінала, як што робіцца. Таму ўмею усё.
Дзевяць год споўнілася мне, як у хаце з’явіўся айчым. Не сварыўся на мяне, не, не было такога, але і не шкадаваў. Я для яго чужое дзіцё, і я гэта разумела. Не было ў мяне ні бацькі, ні дзядзькі, ні брата – так склаўся лёс. Такое яно, маё гаротнае дзяцінства.
Скончыла я толькі пачатковую школу. У пяты клас трэба было ісці ці ў Церабуты, ці ў Крамок. Пахадзіла крыху ў Церабуты, месяцы са тры – кінула. Інтэрната не было, хадзіць далёка, адзежы ніякай. Бедната, адным словам.
Амаль адразу пайшла працаваць у калгас. Ужо як афармляла пенсію, даведалася, што стаж мне залічылі з трынаццаці гадоў, з 1958 года”.
ПЕРШАЕ ЗАМУЖЖА
“Мне дзевятнаццаць якраз споўнілася. Жылі мы тады ўжо ў Шчыткавічах. Было гэта зімой, незадоўга да Каляд. Паехалі з мамай да сваякоў у Дрычын (тады яшчэ хадзіў аўтобус Слуцк – Асіповічы). Там Міша мяне і прыкмеціў, сказаў, што прыйдзе сватацца. Праз некалькі дзён танцавала я ў нашым клубе (ён знаходзіўся якраз на месцы цяперашняй бальніцы). Я любіла павесяліцца. А тут кажуць, што на вуліцы маці мяне чакае. Аказалася, жаніх з’явіўся. Плакала я вельмі: “Не пайду замуж. Я яго і ведаць не ведаю”. “Пойдзеш, – упарта паўтарала маці. – Сорамна адказваць. Калі бярэ, трэба ісці”.
У бліжэйшую суботу прыйшоў у сваты. Я плачу, а маці ўсё цюкае: “Ідзі за яго”. Як казла таго, узялі мяне за рогі і ў Дрычын павялі. Нават вяселля яшчэ не было, як я ў яго хаце апынулася. Божухна, каб я ведала, куды папала. Ён жа маці родную біў, і сястру, жыцця ім не даваў. Да вяселля і мяне паспеў набіць, а маці мая ўсё роўна кажа: “Жыві з ім”. З характарам маці была. Я ёй заўсёды падпарадкоўвалася. Як яна сказала, так і будзе. І мужыку свайму слова пярэчыць не магла. Зацюканая я была, усіх і ўсяго баялася. Маўчала. Цярпела.
Дачушка старэйшая нарадзілася. Ні падышоў, ні пакалыхаў, быццам і бацька няродны. Біў мяне за ўсё: што дзіця плача, што не так зірнула… Прыйдзе, значыць, мужык мой з работы. Паесь. Люстэрка перад сабой паставіць і любуецца, які ён прыгожы. Ці кніжку чытае альбо газету, калі не п’яны. А мы са свякрухай працуем. Нават цяжарную мяне пабіў. Хацела к маме сваёй ісці. Дзе там, не пусціў.
Аглянуцца не паспела, як другое дзіця нарадзілася, якраз у канцы лета. А ў верасні я ўсю бульбу выкапала, перанесла ў сенцы і перабрала. Яшчэ і маці сваёй дапамагала бульбу капаць. А дзеці былі побач. Немаўлятка ляжыць, а паўтарагадовая дачушка назірае за ім. Памочніца…
Свякруха мая харошая была, слова дрэннага не скажу. У мяне ўжо двое маленькіх дзетак на руках, дык яна накосіць і на сваю кароўку, і на нашу. Неяк перавозіла свякруха праз раку сена; лодка перакулілася, ледзьве яна, бедная, не загінула. А сын дома ляжаў, адпачываў. Працавала яна за дваіх, як чорны вол, бо сынок яе толькі спаў, біўся і гарэлку піў. Казалі, і бацька яго такі быў.
Тры гады і восем месяцаў доўжылася тое маё замужжа. Бог зміласцівіўся, развязаў мне рукі. Раптоўна захварэў мужык. Памёр ён у 28 гадоў, але да гэтага яшчэ паралізаваны ляжаў, даглядала я яго.
Пасля смерці мужа падалася ў Шчыткавічы да маці. Было мне на той час 23 гады. На руках двое маленькіх дзетак – Іра і Алег”.
ДРУГОЕ ЗАМУЖЖА. ТАКСАМА НЯЎДАЛАЕ…
“Праз два гады зноў замуж пайшла. Іван стаў круціцца ля мяне, як я да маці вярнулася з дзецьмі. Я і хавалася ад яго, і ўцякала. Навошта мне тое замужжа? Хопіць ужо. Зноў маці ўмяшалася: “Бяры яго да сябе. Гаспадар патрэбен у хаце. Ён пастарэе, дык паразумнее”.
Пажыла з Іванам тыдні са два. Кажу маме: “Нельга з ім, вельмі цяжкі характар”. А яна зноў сваю песню заводзіць: “Ты што, дачушка? Пастарэе – паразумнее”. Дзесяць год прамучылася, трох дачушак нарадзіла – Таню, Наташу і Лену. Так і не паразумнеў. Маці казала: “Ну і што, што п’яніца? Праспіцца і будзе нешта рабіць”. Вось толькі калі я здароўе згубіла, тады яна замаўчала, болей жыць з ім не застаўляла. Верыце, не, але я ўжо на смерць усё сабе купіла, думала, што памру, такая слабая была.
Надумала разводзіцца. На той час гэта была вялікая рэдкасць – застацца без мужыка і адной гадаваць дзяцей. Прыехала ў Дарогі ў суд. А куды далей ісці? А к каму ісці? Папыталася ў людзей, знайшла патрэбнага чалавека. Зайшла ў кабінет. Адзін мужчына хуценька падхапіўся, убачыўшы мяне, стул мне падстаўляе: “Сядайце, калі ласка”. Гэта ж я такая слабая і худая была, ледзьве на нагах трымалася.
Развялі нас не адразу, бо пяцёра дзяцей (двое ад першага шлюбу). Прагаравала, а не пражыла я тыя дзесяць год. Пра мяне кнігу можна пісаць. Ні маці мяне не шкадавала, ні мужыкі. Ніякай ласкі я не бачыла. Так і жыла…
Значыць, развялася я з мужыком. Доўга потым у бальніцы ляжала”.
БЕЗ ГАСПАДАРА
“Пайшла працаваць даяркай. Усё думала, каб хаця да 50 год дажыць, каб падгадаваць дзетак. Але жыццё паціху наладжвалася. Адкуль толькі тыя сілы браліся? Думаю, што Бог дапамагаў.
Занялася будаўніцтвам. Падрамантавала хату, бо была тая маленькая, нізенькая. Колішні старшыня калгаса Дзмітрук кажа мне: “Кідай сваю хату. Калгас выдзяліць табе добрае жыллё”. Загаласіла я: “Людзей лепш дайце, каб дапамаглі падрамантаваць будынак. Любыя грошы заплачу, але ў сваёй хатцы хачу жыць”. Прараб Грэчка прыслаў брыгаду. Чатыры месяцы працавалі хлопцы. Паднялі хату. Камандаваў Федзя Мельнік: “Хлопцы, рабіце хораша, не глядзіце, што жанчына адна”. Коля Сязёнаў ужо хворы быў, а прыйшоў, зрабіў мне печачку. Такі харошы чалавек! Людзі мяне заўсёды слухалі.
А потым я ў горад паехала, з брыгадай дамовілася, усё ўнутры хаты парабілі. Пабудавала хлеў, стопку – усё без гаспадара”.
ЗА ПЛЁННУЮ ПРАЦУ – АЎТАМАБІЛЬ “МАСКВІЧ”
“У калгасе амаль адразу стала перадавой даяркай. Вельмі старалася. Я дрэнна працаваць не ўмею. Маю шмат узнагарод, грамат. Мне нават на ВДНГ СССР “Масквіч” уручылі”.
У 80-я гады імя маёй зямлячкі было вядома далёка за межамі раёна. Гэта быў час яе прафесійнага ўзлёту. Мяркуйце самі. Вось самыя значныя яе ўзнагароды.
1985 год. Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР (старшыня І.Палякоў).
1987 год. Дэлегат XVI з’езда прафсаюзаў БССР. На агульным здымку дэлегатаў у цэнтры – Першы сакратар Камуністычнай партыі БССР М.М. Слюнькоў.
30 студзеня 1987 года. Імя Ганны Пышнай занесена ў Кнігу Народнай Славы Старадарожскага раёна.
1989 год. Дыплом Аграпрамысловага камітэта Мінскай вобласці “За дасягненне надояў ад кожнай каровы па 5027 кг”. Увайшла ў клуб даярак-пяцітысячніц Мінскай вобласці.
Май 1989 года. Галоўны камітэт ВДНГ СССР узнагародзіў Ганну Пышную Дыпломам Пашаны. За плённую працу перадавой даярцы ўручылі аўтамабіль “Масквіч”.
Ганна Сяргееўна Пышная мае і дзве высокія дзяржаўныя ўзнагароды – ордэн Дружбы народаў і медаль Мацярынства (выхавала пецярых дзяцей).
“Калі маме стала цяжка, забрала яе да сябе. Дванаццаць год жыла яна з намі, два гады была паралізаваная.
На пенсію я пайшла ў 47 гадоў, яшчэ чатыры гады даіла каровак. Можа, і болей працавала б, толькі вельмі балелі ногі, ведама, усё жыццё ў гумавых ботах – і летам, і ў мароз”.
“ЖЫЦЦЁ МАЁ КАВЭРКАНАЕ”
У час нашай размовы Ганна Сяргееўна не раз успамінае землякоў, простых калгаснікаў – усіх, хто некалі дапамог ёй. Для кожнага яна знаходзіць добрае слова. Мы доўга размаўляем, і Сяргееўна раз-пораз смяецца, хаця жыццё яе было ох якое гаротнае. Двойчы выходзіла замуж, а шчасця так і не прыдбала. Гадавала пецярых дзяцей, даглядала паралізаваных мужа і маці. Давялося і ўнукаў хаваць. Ці не зашмат гора для аднаго чалавека? “Жыццё маё кавэрканае, не пазайздросціш”, – кажа Сяргееўна.
У цяжкую часіну гадавалася і расла Анюта, не чуючы добрага слова, не бачачы ласкі. А асоба з яе атрымалася моцная, мэтанакіраваная. Без мужа і хату будавала, і гаспадарку трымала, і дзетак выхоўвала. А яшчэ была адной з лепшых даярак раёна. Як толькі і паспявала? Двор заўсёды зіхацеў кветкамі, у хаце чысціня і парадак, гаспадарку немалую трымала. І ткала, і вязала, і шыла, і вышывала… Згадзіцеся, для ўсяго гэтага характар патрэбен, ды яшчэ які.
Зараз некаторыя прыйдуць з работы і ляжаць. Стаміліся. Цікава, а калі адпачывала тое пакаленне?
“Мне трэба было працаваць, як таму валу, – расказвае далей Сяргееўна. – Бывае, вяртаюся з фермы стомленая. Сядзяць бабулечкі на лаўках. Думаю, а калі я вось так сядзець буду без клопатаў? Аднак мне 80, а я ўсё бегаю”.
З БОГАМ У ДУШЫ
Яна верыць у Бога, ходзіць у мясцовую царкву, наведвае шчыткавіцкую Прошчу. Гэтай восенню ў сувязі з 10-годдзем асвячэння храма святых бяссрэбранікаў Космы і Даміяна ў аграгарадку Шчыткавічы Ганну Сяргееўну ўзнагародзілі царкоўнай граматай, якую падпісаў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Як жа свяціліся шчасцем яе вочы ў гэты дзень!
На стале ў маёй гераіні раскрыты “Православный молитвослов”, ляжаць свежы нумар газеты “Мир с Богом” і кнігі, якія яна чытае кожны дзень –“Толковый молитвослов”, “Псалтирь и молитвы по усопшим”…
“Бог усё жыццё нясе мяне за пазухай і праз людзей дапамагае мне, – гаворыць жанчына. – Упэўнена, што кожны з нас будзе адказваць за свае ўчынкі, абавязкова будзе. Таму і стараюся жыць з Богам у душы”.
З ЛЮБОЎЮ ДА ЖЫЦЦЯ
Прозвішча яна мае каларытнае – Пышная, а сама хударлявая, жвавая, шпаркая. “Я заўсёды худзенькая, – кажа Ганна Сяргееўна. – У маладосці не было часу наядацца, а зараз асаблівага апетыту няма. Але я ем усё, што хачу. Не ем, праўда, толькі каўбас куплёных. Занадта яны салёныя. А вось каву з вяршкамі люблю – смачна вельмі”.
Усё яе жыццё – гэта рух. Усё кудысьці бяжыць, едзе, імчыць, ляціць.
Яе чысценькі, дагледжаны двор патанае ў рознакаляровых кветках. Любоў да гэтай прыгажосці яна перадала і сваім дочкам. Ганна Сяргееўна – добрая гаспадыня. Ва ўтульнай яе хаце шмат вышытых і вязаных рэчаў. Кажа, што доўгі час не прызнавала каляровай пасцельнай бялізны. Толькі бялюткая, накрахмаленая павінна быць у Анюты. А гэта, самі ведаеце, колькі лішняга клопату для жанчыны. Вельмі ўжо яна старалася, каб усё было, як у людзей, і нават лепей. Ткала, шыла, вязала, вышывала…
І зараз без справы не сядзіць. З гонарам паказвае мне кофты, што звязала апошнім часам. Толькі год назад перастала вышываць. Шмат чытае, у асноўным рэлігійныя кнігі і газеты. Выпісвае раёнку, “Друг пенсионера”, “Мир с Богом”. Гэтым летам яшчэ ў ягады хадзіла. І сяброўцы сваёй Ларысе Грэчка адвезла. А як жа ж, тая ёй замест сястры, за доўгі час зрадніліся жанчыны.
“Так, жыццё мяне не песціла, – працягвае Сяргееўна. – Але ж я хаджу на сваіх нагах, усміхаюся, асаблівага клопату дзецям і ўнукам не дастаўляю. Сама яшчэ магу рабіць і ў агародзе, і ў двары”.
–А ці вялікая ў вас зараз гаспадарка? – пытаюся ў жанчыны.
– Ды не. Куры, кот, сабака ды я, небарака, – смяецца яна.
– Ганна Сяргееўна, падзяліцеся, як так добра выглядаць ва ўзросце? Вы такая стройная, і твар малажавы. Гэта гены ці штосьці іншае? – цікаўлюся я.
– Ад Бога, толькі ад Бога, мая даражэнькая. Усе нашы думкі дрэнныя на твары напісаны. А я не зайздрошчу людзям. Хай хтосьці жыве і лепш. Ну і што, што яны багатыя? Мне іх палацы тыя харошыя не патрэбны. Няма лепей сваёй хаткі. У мяне ж тут і сцены дыхаюць. Мне тут спакойна.
Ніколі не насіла ў душы крыўду на людзей. Жыву без гэтага.
Мне цяпер вельмі добра. Каб толькі сэрца не трывожыла ды галава не балела. Вялікі дзякуй нашай Уладзіміраўне (Ліхадзіеўская Валянціна Уладзіміраўна – галоўны ўрач Шчыткавіцкай бальніцы – Заўв.). Каб не яна, можа б мяне і на свеце даўно не было. Вось і зараз з працэдур вяртаюся. Сёння ўрач дала такія добрыя таблеткі. І сэрца маё не баліць. Каб яшчэ гадкоў пяць пажыць… Вельмі ўжо добра зараз.
Канешне, жыццё ў мяне складанае і дужа цяжкае. Але, дзякуй Богу, я не адна: маю 5 дзяцей, 9 унукаў, 6 праўнукаў. Ёсць да каго прытуліцца”.
Вось такая яна Ганна Сяргееўна Пышная – знакамітая даярка некалі знакамітага калгаса “Перамога”.
* * *
12 студзеня мая зямлячка адзначае 80-годдзе. З юбілеем Вас, паважаная Ганна Сяргееўна! Хай яшчэ доўга-доўга ў Вашай утульнай хаце гарыць святло, на якое будуць спяшацца родныя і блізкія! Здароўя Вам і светлых дзён!
Тэкст:
Тамара ДЗМІТРУК.