23.6 C
Старые Дороги
Четверг, 14 августа, 2025

Палюбоўніца. Новы аповед Тамары Дзмітрук

Палюбоўніца

Наўпрасткі па полю Соня спяшалася да лесу – усё далей і далей ад вёскі. Ёй хацелася пабыць адной. У галаве гучалі словы, што сказала пры сустрэчы маці: «Ты, дачушка, у такі блуд зайшла, што далей нельга. Адумайся, грэх гэта вялікі». Соня і сама ведае, што грэх, а вось што рабіць з усім гэтым, яна, на жаль, не ведае.

«На твой век мужыкоў хопіць. Навошта табе жанаты? – ушчувала маці дачку. – Адчапіся ты ад яго, Хрыстом-богам прашу». Лёгка сказаць – адчапіся. А як кінуць таго, каго кахаеш столькі год? Як? Адкажыце…

Колькі іх такіх, хто чакае каханых у вызначаны час і дзень, хто саромеецца, што скажуць людзі, бо завуць іх брыдкім словам «палюбоўніца»? А колькі і такіх, хто нахабна, спецыяльна ўмешваецца ў чужую сям’ю і бярэ ад багатага мужчыны ўсё, што можна ўварваць? Жыццё кароткае, трэба жыць зараз і шчаслівай быць зараз, лічаць яны. Такія не пакутуюць.

А ў Соні на душы пустата…

Ах, якім цікавым і бесклапотным было яе студэнцкае жыццё! Вучоба давалася лёгка, без усялякіх намаганняў. А памяць Соня мела проста фантастычную: адзін-два разы прачытае і амаль слова ў слова працытуе. І ў школе выдатніца, і ва ўніверсітэце. Весела, упэўнена крочыла дзяўчына па жыццёвай сцежцы. А насустрач гэтак жа весела і ўпэўнена крочыў Сашка – смуглявы прыгажун з суседняга факультэта. Дзіўна, але іх сцежкі зліліся ў адну, толькі калі яны заканчвалі ўніверсітэт. Столькі год хадзілі побач і не заўважалі адзін аднаго. А якія словы ўмеў казаць гэты хлопец, як паглядаў зачаравана! У любой галава закружыцца. Закружылася яна і ў Соні. Дзяўчына ўжо марыла пра вяселле, нават нагледзела ў салоне сукенку, як раптам Сашка знік. Перастаў прыходзіць да яе ў інтэрнат, пазбягаў сустрэч. Аднойчы, убачыўшы Соню здалёк, хуценька схаваўся ў бліжэйшай аудыторыі. Соня гордая, бегаць не будзе. А потым сяброўкі данеслі, што бачылі яго з Анютай з біялагічнага факультэта, а потым з Крысцінай з фізічнага. Соня паслала яму гнеўную эсэмэску – Аляксандр не адказаў.

Чорнай хмарай спусціліся на Соню апошнія тыдні яе студэнцкага жыцця. Нічога не радавала: ні чырвоны дыплом, ні сталічнае размеркаванне. «Хутчэй бы ўсё скончылася, – думала дзяўчына. – Толькі каб не бачыць гэтага здрадніка, не ведаць нічога. Забыць, забыць, забыць…»

Два гады і слухаць не хацела пра хлопцаў, а потым маладосць узяла сваё, пачала сустракацца то з адным, то з другім. Здаецца, пакрыху забываць стала няўдалае сваё студэнцкае каханне. І тут калегі запрасілі яе адзначыць Новы год.

* * *
Соня часта ўспамінала той дзень. У Мінску столькі рэстаранаў, але ж трэба так здарыцца, што менавіта ў гэтым гуляў на карпаратыве і Аляксандр. Ён так узрадаваўся ёй, што Соня адразу забылася на крыўду. Саша глядзеў на яе закахана – і яна паверыла. Ізноў паверыла.

Ён не адразу прызнаўся, што жанаты, нават сына мае, хаця тады для яе гэта і не мела значэння. Зноў неба стала сінім, а зоркі загадкавымі. Вярнуўся шчаслівы бляск вачэй. Хацелася пець, весяліцца, смяяцца. Яны разам!

Соня думала пра яго і ўдзень, і ўночы. «Так нельга, – казала сяброўка. – Ты жывеш толькі ім, залежыш ад яго, цябе лячыць трэба». Мо і трэба.

Яна пазнала каханне, яна ведала, што гэта такое. Гэта калі ідзеш па праспекце, а насустрач табе шмат мужчын. Прыгожых і не вельмі, дужых і стройных – самых розных, аднак ты нікога не заўважаеш. Для цябе існуе толькі ён – адзіны, каханы, праўда, чужы. Чужы муж… Табе горка, прыкра ад таго, што крадзеш чыёсьці шчасце, што з-за цябе плача харошая жанчына, якая ні ў чым не вінаватая. Гэта яе муж паспяшыў ажаніцца, а зараз сам пакутуе, бо не можа кінуць маленькага сына. Хто падкажа выйсце? У чым Соніна віна? Яна ж пакахала задоўга да таго, як у яго жыцці з’явілася Галя. Дык хто ў каго ўкраў шчасце?

«Яна халодная, няласкавая», – сказаў некалі Саша пра жонку. Але прадаўжаў з ёй жыць. Ці кахаў ён Галю? Казаў, што не, што выпадкова ўсё атрымалася. Сустракаліся пару месяцаў, яна зацяжарыла. Ажаніўся, а праз два гады зноў убачыўся з Соняй. Толькі было позна.

Яна пакутавала. «Калі мужчына не пайшоў з сям’і ў першы год адносін з палюбоўніцай, ён так і не вырашыць звязаць з ёй свой лёс. Гэта не мае словы, гэта вось тут напісана», – казала сяброўка і трэсла перад ёй нейкім жаночым часопісам. А яна і слухаць не хацела.

Міналі гады. Радасць сустрэчы ўсё часцей змянялася горыччу. «Так нельга», – аднойчы вырашыла дзяўчына. А як трэба?

***
Маці і раней ведала пра горкае каханне дачушкі, аднак у душу не лезла. Паглядала з дакорам, але маўчала. Толькі аднойчы спрабавала паставіць Соню на правільную дарогу:

– Злітуйся нада мной, кінь яго, – прасіла Васільеўна.
– Не магу, я яго кахаю.
– Убіўся ў тваё жыццё чорт лысы, – сварылася маці. – З-за яго плачаш начамі.
– Ён не лысы, ён прыгожы, – усхліпвала Соня. – Самы дужы, самы разумны, самы… Ён шчыры, адданы, велікадушны…
– Ага, харошы… Ды ён кожны дзень хлусіць жонцы і пры гэтым глядзіць ёй у вочы, спіць разам, есць, адзначае святы…
– Гэта не так проста – пайсці з сям’і, – заступалася за каханага Соня.
– Канешне, яму ж і так добра: і жонку мае, і палюбоўніцу. Хітры жук ён, твой Саша, вось што я скажу.
– Мама, не будзь такой бязлітаснай! – узмалілася Соня.

Напачатку іх адносін Соня нават не задумвалася над тым, добра ці не яна робіць, сустракаючыся з жанатым. Яна проста кахала і была шчаслівай. Здавалася, і Аляксандр яе кахае. Але ішлі гады, а ён пазбягаў гаварыць пра будучае. Яна спадзявалася, што хутка стануць жыць разам – ён маўчаў. Хаваў яе ад сяброў, знаёмых – ад усіх. Усе святы яны праводзілі паасобку: ён – з сям’ёй, яна – з калегамі, сябрамі, бацькамі, бывала, што і адна. Усё часцей і часцей ён тэлефанаваў і казаў: «Выбачай, не прыйду, сын захварэў». Спатканні станавіліся рэдкімі. Адгаворкі былі розныя: «раптоўная камандзіроўка», «жонка дома, у яе адгулы», «затрымліваюся на рабоце, шмат спраў», «еду да цешчы выбіраць бульбу». Усё меней і меней часу яны праводзілі разам, Аляксандр заўсёды кудысьці спяшаўся. Аднойчы яна не вытрымала і спыталася:

– Чаму мы не разам? Пяць год ужо хаваемся ад людзей. Можа, пара штосьці вырашаць?
– Рана пакуль што, – вінавата адвёў ён позірк. – Сын зусім маленькі, не магу я яго кінуць.

Больш яна і не пыталася: і так усё зразумела. Сяброўка правільна кажа, што з сям’і ён не пойдзе, а ёй, Соні, можна прысуджаць тытул «Шматгадовая палюбоўніца».
У той вечар яна напілася – ад болю, адчаю, крыўды. Шматгадовая палюбоўніца… Лепей і не скажаш. Ці пра гэта марыла яна? Ці такой долі жадае ёй маці? За ноч твар апух ад слёз. З люстэрка на яе паглядала злая жанчына з калючым позіркам. «Гэта я?» – жахнулася Соня. На работу яна не пайшла, спаслалася на хваробу. «Заўтра я абавязкова паеду дамоў», – вырашыла дзяўчына.

Хто суцешыць, хто падкажа правільны выхад? Канечне, мама. Калі станавілася сумна, цяжка, Соня спяшалася ў родную вёску. Гэта было яе месца сілы, як модна цяпер казаць. Тут і дыхалася інакш, і ўсё адразу станавілася на свае месцы. Яе мама не мела вышэйшай адукацыі, а вось сэрца і душа ў жанчыны былі самай вышэйшай пробы. І выслухае, і параду дасць, і пашкадуе. Пасля размовы з ёй заўсёды станавілася лягчэй.

* * *
Машыну яна вядзе спакойна, упэўнена, дарогу ведае. Ня-сцерпна пячэ шчодрае сонца. Горача. Нічога, хутка ўжо прыедзе. Праз гадзіну і родная хата паказалася ўдалечыні.
Завіляў хвастом Дружок, лагодна прытуліўся да Сонькіных ног кот Васька. Дзесьці ў майстэрні габлюе дошкі бацька. «Я дома!» – усміхнулася Соня.

Маці і хату прыбрала, і сама прыбралася. Выбегла такая акуратненькая, на нагах – чысцюткія ружовыя шкарпэтачкі. А рукі грубыя, напрацаваныя… Простая вясковая жанчына – без хітрасцей і выкрутасаў. Узрадавалася:

– Сонечка мая прыехала! А я табе бабку зрабіла. Печ, праўда, не паліла ў такую спякоту. У духоўцы стаіць. Будзеш?
– Яшчэ і пытаецца. Буду!

Ах, як жа любіць Соня гэтыя прыезды ў вёску! Сюды яна вяртаецца маленькай дзяўчынкай. Соф’я Іванаўна, строгая начальніца аддзела, застаецца ў сталіцы, а тут яна – Соня, Сонечка, дачушка. Яе такой любоўю акружаюць, ёй так хораша, нібы ў шчаслівым дзяцінстве. Бацькі не ўмеюць хітрыць, што думаюць, тое і гавараць. Адразу здагадаліся, што размова сур’ёзная. Соня і расказала пра ўсе свае сумненні. Стамілася насіць боль у сабе, казаць, што ўсё добра.

– Заблытала ты сваё жыццё, дачушка, – уздыхае маці.
Бацька ў час размовы маўчыць, курыць. Толькі і сказаў:
– Сям’я даражэй. Не лезь да іх, Сонька.
Бацька за сям’ю стаіць гарой. Ужо калі сядзелі за сталом, ён раптам спытаўся:
– Соня, а калі б ты была артысткай, якую б лепей ролю выбрала – галоўную ці любую?
– Канечне, галоўную. А чаму пытаешся?
– А ў жыцці, як у тэатры, дачушка. Галоўная роля ў сям’і належыць жонцы. Дык чаму ты згаджаешся на ролю палюбоўніцы? Ты ж ніколі не будзеш першай. Табе трэба сваю сям’ю заводзіць.
– Бацька праўду кажа. Твой жыццёвы гадзіннік, Соня, цікае. Дваццаць восем, дваццаць дзевяць, хутка трыццаць…А дзеці? Яшчэ колькі год – і будзе позна.

Яна выходзіць з-за стала, ідзе ў свой пакой. Маці садзіцца побач. Як у дзяцінстве, лашчыць яе валасы, прыгарнуўшы дачушку да сябе. Выцірае слёзы, уздыхае:
–Дурман на цябе найшоў, Сонечка, нічога не хочаш бачыць. Канечне, яму добра. Так і будзе гадамі вадзіць за нос, а тваё жыццё міма пройдзе. Адумайся. Бач, герой які… І жонку мае, і з табой цешыцца.
– Я і сама, мама, ведаю, што ў нас няма будучыні. Час з гэтым заканчваць. Таму і прыехала, што пагаварыць хацела. Вы ж самыя блізкія мне людзі.
– І добра, што прыехала. Супакоішся ў нас, адпачнеш. Не плач, мая харошая, не трэба. Усё будзе добра!
Праз гадзіну Соня выходзіць з хаты.
– Толькі вярніся да змяркання! – крычыць наўздагон маці.

* * *
Жыла ў іх вёсцы некалі Верка. Ніхто ўжо і не ўспомніць, колькі ёй на той момант гадоў было, мабыць, шмат. Ва ўсякім разе для іх, малых, яна здавалася старой, але ўсе чамусьці звалі яе Веркай.

– Куды, Верка, ідзеш? – пыталася ў яе малеча.
– А куды вочы глядзяць, – заўсёды адказвала жанчына. І так кожны дзень усё некуды ішла.

Так і Соня – ідзе, куды вочы глядзяць. Проста хочацца пабыць у цішыні, падумаць. Ужо і поле скончылася. Яна і не заўважыла, як зайшла ў лес. У ім Соня ведае ўсё: сцяжынкі, узгоркі, палянкі. Малой часта тут бывала. Потым закруціла гарадское жыццё, прыязджала ўсё радзей і радзей. Як жа тут хораша! Цішыня… Такі знаёмы з дзяцінства пах сосен і суніц…

Яшчэ з паўгадзіны блукае яна па лесе. Як кажуць, прыводзіць думкі ў парадак.
На школьных канікулах Соня часта гасцявала ў бабулі па бацькоўскай лініі. Тая жыла ў абласным цэнтры, шмат чытала, модна апраналася, была разумнай і мудрай. Соня памятае, як вечарамі бабуля расказвала ёй розныя гісторыі. Шмат што ўжо забылася, але асобныя выказванні дзяўчына памятае. «Каханне – гэта не словы прыгожыя, гэта ўчынкі. Запомні, унучачка», «Калі адносіны не прыносяць радасці, уцякай хутчэй, значыць, гэта не тваё. Ты павінна быць шчаслівай», – так казала бабуля.
Яе ўжо няма, а словы глыбока ў сэрцы залеглі.

Спёка ўжо сышла, паціху падступае прыцемак. Здаецца, збіраецца на дождж. Пара дамоў.

Супакоеная, вяртаецца Соня дахаты. Ужо добра змерклася. У вёсцы рана кладуцца спаць, бо зранку шмат работы. Маці драмала, чакала яе.
– Мамачка, родненькая, – седзячы на ложку, шаптала ў той вечар Соня, – памятаеш, як некалі бабуля, твая свякруха, казала, што любыя адносіны павінны прыносіць радасць? І ты ўсё правільна кажаш, што, калі плачаш, бядуеш, з гэтым трэба нешта рабіць, значыць, гэта не тваё. Сапраўды, у нашых з Сашам адносінах няма будучыні. Калі ён не пайшоў з сям’і за столькі год, значыць, і не пой-дзе. Ён ніколі не гаворыць пра нас дваіх. А мой жыццёвы гадзіннік, як ты кажаш, бязлітасна цікае. Чаго мне чакаць? А я хачу жыць, хачу дзіця мець, хачу, каб пра мяне муж клапаціўся.

* * *
Нарэшце яна прыняла рашэнне – і як гара з плеч, неяк спакойна стала, лёгка, зразумела, кудысьці знікла трывога.

У тую ноч Соня спала так, як ужо даўно не спала. Раніцай бацькі ціхенька перасоўваліся па хаце, баючыся разбудзіць дачушку, быццам тая – маленькае дзіця.
У пакой заглянула маці. Усмешка блукала на Соніных вуснах. «Спі, дачушка, спі, мая харошая, – шаптала Васільеўна. – Ты абавязкова будзеш шчаслівай, я ведаю».

Тэкст:
Тамара ДЗМІТРУК.

 

Поделиться :

Популярное

Схожие статьи
Похожие

В выходные в Беларусь вернутся дожди и похолодает

К выходным в Беларусь вернется дождливая погода и похолодает....

Лимоны с облепихой и апельсины с имбирем — громкие новинки от «СтаДар»!

Стародорожский плодоовощной завод продолжает развиваться, осваивая новые технологии, сохраняя...

В семи районах страны — новые руководители. Лукашенко принял кадровые решения

Президент Беларуси Александр Лукашенко, принимая кадровые решения 14 августа,...

Сегодня — медовый Спас. Что принято делать в праздник?

В августе православные верующие отмечают три праздника в честь...
Яндекс.Метрика