Рашэнне аб наданні рухаўскаму дывану гэтага статусу было прынята на пасяджэнні Рады пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.
Гэтаму рукатворнаму вырабу больш за паўстагоддзя. Яго аўтар — Кацярына Русаковіч, якая распрацавала адметную, характэрную, непаўторную стылістыку аплікацыі саломкай па тканіне.
Сёння старэйшым носьбітам і захавальніцай мясцовага мастацтва з’яўляецца Марыя Міхайлаўна Русаковіч (на здымку), Народны майстар Рэспублікі Беларусь. Яна не толькі дасягнула вялікага ўзроўню майстэрства, але змагла зацікавіць ім моладое пакаленне Старадарожчыны.
Выраб дываноў — справа карпатлівая. На адзін уходзіць некалькі месяцаў, пачынаючы ад нарыхтоўкі галоўнага матэрыялу — саломкі з яе натуральным залацістым зіхаценнем і блікамі, — працягваючы доўгім працэсам яе апрацоўкі, і толькі пасля дэталь за дэталлю на льняным палатне чорнага колеру з’яўляецца ўзор. Гэта пышны букет кветак, дрэва з птушкамі, пара аленяў, зайцоў або галубоў, абрамленыя вянком з кветак і лісця. Памер дывана складае тры метры на два з паловай.
Рухаўскі дыван ведаюць па ўсёй краіне і нават за яе межамі. Ён — пастаянны ўдзельнік абласных і рэспубліканскіх выстаў. Народны твор заўсёды выклікае ў гледачоў асаблівую цікавасць і захапленне. Таму статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі заслужыў па праве.
Вікторыя СЫЦІК.