Ніякі самы страшны і натуралістычны фільм не можа ў поўнай меры адлюстраваць жаху тых драм, якімі быў пазначаны практычна кожны дзень вайны. Успамін пра адну з іх захавалі нашчадкі жыхара вёскі Зарэчнае Міхаіла Іванавіча Лася.
“Наш дзед змагаўся з ворагам у атрадзе імя Кутузава 100-й брыгады імя Кірава, — расказала нам унучка народного мсціўца Таіса Аляксандраўна Забалотная. — Ён распавядаў, як аднойчы група партызан пайшла з Забалацця на Вярхуціна, не ведаючы, што дарога замініравана немцамі. Дасягнулі шашы каля Паськавай Горкі — і адзін з крокаў стаў ракавым: раздаўся выбух. Маладога партызана, нашага сваяка Колю Мельніка смяротна параніла. Ноччу, сцякаючага крывёю, яго прынеслі ў вёску да маці — Арыны. Там ён сканаў. Гэтай жа ноччу яшчэ да світанку, каб не ўбачылі немцы і паліцаі, хлопца патаемна пахавалі на вясковых могілках.
Пры тым выбуху загінула яшчэ некалькі партызан. Іх проста разнесла на кавалкі. Дзед уцалеў, яму толькі пасекла асколкамі твар ды заляпіла ўсяго крывавым месівам з чалавечай плоці. Жахлівы ўспамін пра гэта застаўся ў яго на ўсё жыццё”.
Мікалай Мацвеевіч Мельнік пахаваны ў вёсцы Мядзведня. Яму было 24 гады. Ён змагаўся ў партызанскім атрадзе ўсяго некалькі месяцаў, але за гэты кароткі час паспеў унесці свой уклад у барацьбу з акупантамі. Пасля вызвалення Беларусі камандаванне атрада імя Кутузава прадставіла Мікалая да ўзнагароды медалём “Партызану Айчыннай вайны I ступені”. У наградным лісце напісана: “Удзельнік падрыва дзвюх варожых аўтамашын. Даставіў у атрад адну вінтоўку і скрыню патронаў. 14 кастрычніка 1943 года забіты немцамі пры выкананні баявога задання ў раёне Паськавы Горкі.
Камандзір атрада Грынкевіч”.