17 верасня Беларусь святкуе адно з галоўных дзяржаўных святаў — Дзень народнага адзінства. Для многіх беларусаў гэтая дата стала сімвалам аднаўлення гістарычнай справядлівасці, непарушнасці дзяржаўных межаў і ўмацавання нацыянальнай ідэнтычнасці.

Напярэдадні свята ў Палацы культуры прайшла канцэртная праграма «Беларусь адзіная», на якую сабралася шмат гасцей — прадстаўнікоў працоўных калектываў Старадарожчыны, грамадскіх арганізацый і партый, якія актыўна ўдзельнічаюць у жыцці раёна. У Год жанчыны асаблівыя словы падзякі гучалі ў адрас старадаражанак — руплівіц і прыгажунь.

Да прысутных звярнуўся старшыня Старадарожскага раённага Савета дэпутатаў і раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» Дзмітрый Давыдаў. Ён адзначыў, што Дзень народнага адзінства — свята маладое, але надзвычай важнае для кожнага беларуса. Гэта дзень патрыятызму, узаемадапамогі і яднання ўсяго беларускага народа дзеля светлай будучыні нашай краіны.

Урачыстасць аб’яднала лідараў грамадскіх арганізацый і прадстаўнікоў раённай улады. Сярод ганаровых гасцей, якія прынялі ўдзел у цырымоніі ўзнагароджання, былі кіраўнік спраў райвыканкама Вольга Пархімовіч; старшыня раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Раман Калеснік, старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Юлія Залатарэвіч, старшыня раённай арганізацыі Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Аляксей Цыцэня, намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Саюз афіцэраў» Алег Германаў, першы сакратар РК ГА «БРСМ» Юлія Санкевіч, прадстаўнікі прафсаюзных арганізацый: Галіна Дарафейская (АПК), Віктар Лапанік (адукацыя і навука), Кацярына Сідарок (культура, інфармацыя, спорт і турызм), Наталля Грыцкевіч (цэнтральная раённая бальніца).

Пасля афіцыйнай часткі мерапрыемства атмасфера ў зале стала яшчэ больш цёплай і душэўнай. Пачаўся святочны канцэрт, падчас якога свае лепшыя нумары падарылі гледачам таленавітыя старадарожскія выканаўцы. Кожны нумар быў прасякнуты любоўю да роднага краю, павагай да гісторыі і верай у моцную і квітнеючую Беларусь.

Свята ў чарговы раз даказала: пакуль мы адзіныя — мы непераможныя. Старадаражане разам сустрэлі гэты знамянальны дзень, падкрэсліўшы сваю адданасць нацыянальным каштоўнасцям і імкненне працаваць на карысць роднай зямлі.