Цёплым жнівеньскім днём аграгарадок Палажэвічы напоўніўся музыкай, смехам і прыемнымі сустрэчамі — тут з вялікім размахам адзначылі Дзень вёскі. Свята нездарма называлася «Мая вёска — мой гонар» — яно было прысвечана людзям, якія жывуць і працуюць на роднай зямлі, гадуюць тут дзяцей, стараюцца зрабіць прыгожымі сядзібы і вуліцы.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Дзмітрый Давыдаў прывітаў жыхароў і гасцей мястэчка і падзякаваў за тое, што яны сабраліся на палажэвіцкай зямлі. У сваім выступленні ён падкрэсліў асаблівую значнасць такіх мерапрыемстваў для захавання культурнай спадчыны рэгіёна.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў свята звярнуўся дырэктар сельгаспрадпрыемства ААТ “Палажэвічы” Сяргей Каролька. Ён адзначыў, што галоўнае багацце вёскі — людзі, адданыя роднай зямлі, якія сёння жывуць і працуюць тут, на сваёй малой радзіме.
Радасць урачыстасці разам з вяскоўцамі раздзяліла старшыня раённага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Юлія Залатарэвіч. Звяртаючыся да прысутных, яна падкрэсліла значнасць такіх сустрэч для захавання мясцовых традыцый і ўмацавання сувязі паміж людзьмі.
Старшыня Палажэвіцкага сельсавета Людміла Прымачэнка ў сваю чаргу павіншавала вяскоўцаў са святам і ўзнагародзіла ветэранаў сацыяльнай сферы.
Вясковае свята працягвалася цудоўным канцэртам. Са сцэны ліліся знаёмыя і любімыя мелодыі ў выкананні гасцей — народнага фальклорнага ансамбля «Ячаўскія вячоркі» (Слуцкі раён) і таленавітых артыстаў Старадарожчыны.
Тэкст и фота: Марына Герасімовіч.






