З архіваў раёнкі. I Усебеларускі на старонках «Поступ Кастрычніка»
Вайскоўцы — “за”
На мае пытанні адказвае Віктар Пятровіч Бялевіч, намеснік камандзіра вайсковай часці па выхаваўчай рабоце.
— Віктар Пятровіч, падзяліцеся, калі ласка, сваімі ўражаннямі аб Усебеларускім народным сходзе?
— Уражанняў вельмі шмат. І час, праведзены на сходзе, праляцеў вельмі хутка. Я зразумеў, чаму ўзнік канфлікт паміж Прэзідэнтам і часткаю Вярхоўнага Савета. Прэзідэнт прапануе выхад з крызісу па шляху сацыяльна-рыначнай эканомікі, а Вярхоўны Савет — шляхам рыначнай эканомікі. Я лічу, што Прэзідэнт зрабіў вельмі правільны крок, склікаўшы Усебеларускі народны сход. Кіраўнік нашай дзяржавы ўмее раіцца з народам. І ў будучым патрэбна, каб Усебеларускаму народнаму сходу быў нададзены заканадаўчы статус.
— Выкажыце, калі ласка, свае адносіны да пытанняў, якія выносіць Прэзідэнт на рэферэндум.
— Я лічу, што кожны прадстаўнік любога калектыву павінен адносіцца да пытанняў, прапановаў на рэферэндум і ўвогуле на Усебеларускі народны сход так, як адносяцца члены гэтага калектыву. І таму я павінен выказаць меркаванне не з свайго пункту гледжання, а з пункту гледжання таварышаў па службе. Трэба сказаць, што большасць вайскоўцаў, прыкладна 95 працэнтаў, падтрымлівае Прэзідэнта і тыя пытанні, якія ён выносіць на рэферэндум, і менавіта прэзідэнцкі падыход да вырашэння гэтых пытанняў. Перад ад’ездам на Усебеларускі народны сход да мяне падыходзілі людзі. Ты ж, казалі, не забудзь, што мы супраць продажу зямлі і лічым, што гэта будзе чарговы грабёж народа. І смяротную кару неабходна захаваць, таму што ў цяперашні час у нашым грамадстве цяжка будзе вырашаць пытанні, звязаныя з аховай парадку. У цэлым у нас народ за Канстытуцыю, якую прапаноўвае Прэзідэнт, і пытанні, якія Прэзідэнт выносіць на рэферэндум, знаходзяць поўную падтрымку.
— Якія ў Вас з’явіліся заўвагі альбо прапановы да абноўленага праекта асноўнага Закона?
— Я б хацеў выказаць пункт погляду вайскоўцаў, паколькі я і сам чалавек ваенны. У Канстытуцыі запісана, што наша дзяржава без’ядзерная, але тут з якога боку паглядзець. Пытанне зводзіцца да таго, што ідэю Прэзідэнта стварыць без’ядзерны пояс не падтрымліваюць і блок НАТА, і нашы паўночныя суседзі: Польшча, Славакія, Венгрыя, Румынія, прыбалтыйскія дзяржавы. Яны ж не гавораць, што будуць без’ядзерныя. У такіх умовах атрымаецца, што наша дзяржава акажацца не абароненая.
1996 г.






