10.8 C
Старые Дороги
Четверг, 2 мая, 2024

Доўгажыхаркі. Пра шчасце і сакрэт даўгалецця вясковых жанчын — аповед Тамары Дзмітрук

Тэлефонны званок. Нечакана аб’явілася былая прыяцелька. Слова за слова – і настрой мой знік канчаткова, на душы стала млосна. Дзеці пра яе забыліся, ва ўнукаў сваё жыццё, здароўя няма, пенсія малая, у пад’ездзе дома, дзе жыве, амаль усе памерлі (дарэчы, гэта самае яна казала мне і год, і два гады таму)… 

Я, паважаныя чытачы, не на месяцы гойдаюся, таксама па зямлі хаджу, тыя ж самыя сцежкі-дарожкі тапчу. І жыццё мне часам малюе вялізную чорна-белую зебру, дзе чорная паласа такая тлустая, сакавітая, прыкметная. Але ў свеце існуе столькі ўсяго, што можа зрабіць нас шчаслівымі хаця б на імгненне, варта толькі навучыцца гэта бачыць. Першыя крокі ўнука і яго залівісты смех; прыемнае слова знаёмага ці проста незнаёмага чалавека; цікавая кніга, якую даўно збіралася пачытаць; свой уласны сад, у які выходзіш на досвітку і ўдыхаеш свежае паветра; добрыя весткі ад дзяцей… Здаецца, дробязі, але менавіта з іх складаецца тое, што называецца такім простым словам — шчасце. А чорная паласа мае асаблівасць калі-небудзь ды заканчвацца. Ці не так?

Мой сённяшні аповед — пра простых вясковых жанчын, якія ўмелі бачыць у жыцці светлае, добрае, чыстае.

***
Бабе Каці за дзевяноста, але яе жаданню жыць і радавацца кожнаму дню могуць пазай-здросціць і маладыя.

Жыццё яна пражыла цяжкае. “Прагаравала, адным словам”, — кажа жанчына. І гэта так. Гаравала, калі 15-гадовай дзяўчынкай працавала ў Нямеччыне на ваенным заводзе (буханка хлеба на тыдзень, а ў астатнія дні — два разы на дзень пахлёбка з гародніны); гаравала, калі пасля вайны, напрацаваўшыся з ранку да вечара, паўгалодная лажылася спаць; гаравала, калі ў пяцідзясятыя вырошчвала кок-сагыз у калгасе… Спрытная і шпаркая ў працы, не мела яна за свае доўгія гады ні аднае часіны адпачынку. Да вечара мітусілася па гаспадарцы, вечна ў клопатах, і пасядзець не было калі.

Неяк завіталі да яе ўнучкі са сваімі дзецьмі. Льецца размова. Бабуля, як заўсёды, ціхенька сядзіць ля акна. На шчасце, чуе баба Каця добра.
Не стрымалася, калі гаворка зайшла пра вітаміны, пра тое, якія з іх болей карысныя, і што рабіць, каб не хварэць.

— Некалі мы і слова такога не ведалі — вітаміны, — уступае яна ў размову. — Праспіш пасля гулянкі, позна ўстанеш. Якое сняданне, любка мая? Якія вітаміны? Работа не чакае. Гурок у рукі — і подбежкам на поле жаць. А вечарам — гуляць, мы ж маладзенькія былі. Вернешся, бывала, за поўнач — есці хочацца-хочацца. Добра, калі бульба халодная з вячэры засталася (магла і не застацца, ртоў жа
поўная хата). Гурок з’ясі ці капусту квашаную — і спаць. Хлеб, мае даражэнькія, у пасляваенныя гады на стале быў “госцем” (ах, які смачны жытні з кменам пякла мая маці — асалода!), бульбу варылі часцей у мундзірах. Аладкі мы картапляныя любілі (у мамы заўсёды закваска стаяла). Паспрабуйце зараз зранку надзерці бульбы на дзевяць ртоў. А мама рабіла гэта часта. І ніколі не жалілася. У абед чыгун фасолі з печы даставалі ці смажонікі (бульбу тушаную з цыбуляй і прыправамі). Вось і ўся ежа. А вы, дзяўчаткі, пра нейкія вітаміны кажаце.

Ад вітамінаў размова пераходзіць да бабіных праўнукаў. Дзяўчаты кажуць, што і не заўважаць, як вяселлі святкаваць прыйдзецца, дзеці вунь як хутка растуць.
— О, я тады, мабыць, ужо брыдкая буду, — уздыхае 90-гадовая бабуля і хітранька паглядае на ўнучак.

Дзяўчаткі рагочуць: “Ну і бабуля, ну і малайчына! На цэлае стагоддзе, а мо і болей, раза-гналася, не іначай. Бач ты, на вяселле праўнукаў збіраецца…”
— Столькі мне ўсяго яшчэ трэба зрабіць: хату пераклеіць, плот новы паставіць, — дзеліц-ца планамі баба Каця. — Усё, хопіць, даражэнькія, сядзець, на агарод пара.
Што за жанчына! Што за характар! Усяго ёй хочацца, да ўсяго ёсць справа. А планаў — не на адзін яшчэ век хопіць.
… Да стагоддзя яна, на жаль, не дажыла, але кожны раз, успамінаючы сваю свякруху, я ўяўляю сябе на месцы 15-гадовай дзяўчынкі, якую вайна закінула на чужыну, і думаю, адкуль яна брала сілы і веру ў тое, што ўсё будзе добра. Пыталася пра гэта і ў яе. “Холадна, голадна і жудасна было ў чужой краіне сярод чужых людзей. І мова незразумелая, — казала яна мне. — Але цешыла надзея, што недзе далёка ёсць родны дом, сям’я і цяпло матулі. Гэта дапамагала выжыць”.

Ці змагла б я прайсці праз такія выпрабаванні? Іх пакаленне змагло…

***
Мая цётка Ульяна не дажыла да стагоддзя ўсяго адзін гадочак. Хаця абяцала мне дажыць і заспяваць сваю любімую песню “Зялёная вішня з-пад кораня выйшла”. Не заспявала. Незадоўга да гэтага пахавала яшчэ аднаго сына, а потым трагічна загінуў муж яе ўнучкі (у іх сям’і шмат гадоў пражывала цётка). Памерла. А казала мне, што ў яе “крэпкае нутро”. Выходзіць, не вытрымала.

І ў яе жыццё было — не пазайздросціш. Адзінаццацігадовай дзяўчынкай страціла маці, расла з мачахай (і не адной). І яе закранула чорнае крыло вайны: першы муж — Савасцей — загінуў на фронце (так яна стала ўдавой у 24 гады), а 20-гадовы брат Іван — у Берліне ў дзень заканчэння вайны (і такое бывае). Другога мужа — Антона — перажыла на 25 гадоў, пахавала двух сыноў… “Хопіць, ужо занадта многа для аднаго чалавека”, — так і хочацца сказаць. І пры гэтым, колькі памятаю, цётка заўсёды ўсміхалася. Гора яе не скрамсала, не азлобіла. І адкуль толькі сілы браліся, каб жыць далей? У яе, як казалі знаёмыя і родныя, быў лёгкі характар: нікому не зайздросціла, не злавалася, не жалілася, шмат на што проста не звяртала ўвагі, моўчкі несла свой крыж. “Столькі гора, а Ульяна ўсё ўсміхаецца. Да людзей яна з адкрытай душой і шчырым сэрцам,” — казалі пра яе бабы.

Колькі работы перарабілі яе нястомныя рукі, колькі кіламетраў па бяскрайніх палях прахадзілі яе ногі… У 98 гадоў яна яшчэ касіла траву ў двары, матычыла (мела на агародзе сваю градку), хаця блізкія і сварыліся. “Без працы не магу, працаваць не сорамна”, – казала жанчына. У гэтым і быў яе сакрэт доўгага жыцця.

***
Размаўляючы з другімі вясковымі доўгажыхаркамі, гераінямі маіх нарысаў, Лізаветай Крушнай са Шчыткавічаў і Еўдакіяй Галубіцкай з Паставічаў, не чула, каб скардзіліся яны на лёс, каб сказалі штосьці дрэннае пра бацькоў ці блізкіх. Яны нікога не вінавацілі ў сваіх няўдачах ці праблемах. А расказваючы пра “колісняе”, дадавалі: “Хіба мне адной цяжка было, сонейка маё? Усе так жылі”. І заўсёды з асаблівай цеплынёй гаварылі пра родныя мясціны, дзе нарадзіліся і сталелі. Ім добра было ў роднай хатцы, сярод сваіх людзей, і лёгка дыхалася ў сваім двары.

Працавалі ў калгасе, трымалі гаспадарку, гадавалі дзяцей, жылі сціпла, не напаказ – вось у двух словах лёс гэтых вясковых жанчын, якія, на жаль, ужо ўсе пайшлі з жыцця.

А якія прыгожыя словы ўмелі яны гаварыць, звяртаючыся да субяседніка: “любая мая”, “даражэнькая”, “золатца”, “сонейка маё”, “радасць мая”, “кветачка”, “рыбанька ты мая”. А як хораша, цёпла развітваліся: “Бывай, сонейка!”, “Дабранач, даражэнькая!” “Дзень добры ў хату!”, “Бог у помач!” — гэтыя словы зараз пачуеш хіба толькі з вуснаў людзей сталога ўзросту. Дзе, у якіх інстытутах іх гэтаму вучылі? Чаму зараз амаль усе скрозь зубы цэдзяць так нелюбімае мной слова “здрасце”? Век касмічных хуткасцей патрабуе і скарочаных слоў? Выходзіць, што так.
Я часта думаю, як змаглі гэтыя жанчыны вынесці ўсе нягоды ваеннага ліхалецця, захаваўшы пры гэтым адкрытыя сэрцы. Працавалі ў голадзе і холадзе, а заставаліся добразычлівымі. Ладзілі ў вёсках кірмашы, пасля цяжкай працы спявалі і танчылі. Не было для іх чужой радасці, як і гора чужога не было. Хлеб з бядою-лебядою елі, а людзьмі заставаліся пры любых абставінах. Горкае жыццё пражылі, але выпрабаванні не астудзілі іх сэрцаў.

Скончылася цэлая эпоха…

Тэкст: Тамара ДЗМІТРУК.

raionka.nbd.by

Поделиться :

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Пожалуйста, введите ваш комментарий!
пожалуйста, введите ваше имя здесь

Популярное

Схожие статьи
Похожие

В Старых Дорогах прошел праздничный концерт в честь Первомая

Торжественное мероприятие, посвященное Празднику труда, прошло во Дворце культуры. В...

А не многовато ли в Старых Дорогах берут за доставку?

Пришлось столкнуться с такой ситуацией. Мне понадобились стройматериалы для...

Роман Колесник принял участие в экстремальном телешоу «Герои. Трансформация»

Директору Физкультурно-оздоровительного центра Стародорожского района Роману Колеснику оказалось мало...

«Надо мобилизоваться». Лукашенко требует искоренять бесхозяйственность на земле

Президент Беларуси Александр Лукашенко требует искоренять бесхозяйственность на земле....
Яндекс.Метрика